РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жыды
Жыды! «Хрыстапрадаўцы і прыблуды»!
О, слава вам, ўсебеларускія жыды!
Я веру вам, хоць чорнай гразьзю ўсюды
Плюе вам раб і цар, стары і малады.
 
Нявольнікі вы сёньня з намі разам
На беларускай змучанай зямлі,
Дзе чорны зьдзек пасьвенчаным абразам
Гняце вас разам, як зьвяр'ё, ў крутой пятлі.
 
Вы ўскрэсьнеце, жыды, усьлед за Беларусяй, –
Сьцяг ваш і нашая паходня будуць жыць,
Хоць наш магільнік кветкай апрануўся,
Хоць згубны мор над намі гібеляй імжыць!
 
Ня згасьлі вашы і ня згаснуць сьвечкі, –
Вы для народаў далі мудрага Хрыста,
Якому ўзьнесьлі грэшныя авечкі
Муры, дзе векі бьець паклоны бедната.
 
Таго ж Хрыста прыбілі вы да крыжа,
Бо ён вам ворагам для Бацькаўшчыны быў,
I распасьцерці сваю ўладу выжай
Народ ваш меціўся пад водгаласы ніў.
 
Але вам край ваш выдзерлі народы,
На вечнае бадзяньне ў прочкі згналі вас,
I разбрыліся вы – ўсе вашы роды
Па нэтры ўсіх старон на векавы папас.
 
I вось, Усход і Захад, Поўдзень, Поўнач,
Уся зямля гасьцьмі тады вас прыняла,
Вы ўсім і ўсе нясьлі вам братню помач,
Вы ўсіх тады і ўсе вас сьцераглі ад зла.
 
Калі ў Гішпаньі ўзбунтаваны людзі
З сваёй краіны выгналі вас напасьмех,
На беларускім полі вашы грудзі
На век знайшлі дняваньне, страву і начлег.
 
Шлі дні. I вас у ланцугі скавалі
Бязбожны каралі і дэспаты-цары.
Адны вас беларусы шанавалі,
Як блізкіх родных – да сьвятлейшае пары.
 
Масква й Варшава аплюлі вам імя
I ў дзікай чэрні ненавісьць спладзілі к вам,
А Беларусь пад крыльлямі сваімі
Вас грэла й вашым нянькаю была дзяцям.
 
Пасьля, жыды, вы зрэкліся народу,
Які вам шчыра даў багацьце і прыпын;
Пайшлі прыдбаць сабе чэсьць і выгоду:
Да сільных тых, хто даў вам вісельню і чын!
 
Раскіданыя гібнуць па ўсім сьвеце.
Вы Месіі чакаеце яшчэ, жыды, –
Тэй Месіі ждуць Беларусі дзеці.
I з вамі пойдуць, як вы з намі, ўсе тады.
 
Ваш ясны сьветач там, дзе Палестына,
Наш ясны сьветач – Маці-Беларусь адна;
Спадзе ланцуг ваш у сьляпым загіну,
Спадзе ланцуг наш і зазьзяе ўсім вясна!
 
Цяпер за вамі слова ў буру гэту:
Пайці ці не, з народам нашым да сьвятла...
Пара, жыды, паны усяго сьвету,
Сплаціці доўг, які вам Беларусь дала!
 
1919
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.