Ёсьць старонкі, дзе ў народзе Беды не гуляюць: Хлеба годзе, сьвятла годзе, З волі карыстаюць. А у нас жа, што за дзіва? Бяздольнасьць такая!.. Дрэмле Юрка ў заканурку І долі чакае! * Пахілілася хаціна, У хлявочку пуста; Толькі латы – кажурына, Хлеба – хоць бы луста. Кепска жыці, што ж такое, Хто аб гэтым дбае?.. Дрэмле Юрка ў заканурку І долі чакае! * Чутны воклік пахаронны, Крыж стаўляюць новы; Дзень і ноч у кузьнях-горнах Ладзяць, клеплюць ковы; Беспрасьветна, беспуцінна, Як магіла тая!.. Дрэмле Юрка ў заканурку І долі чакае! * Дабрадзеяў, як на тое, Хоць прудзі ты рэкі! Слаўна, Юрка! Што ж такое? Мае шмат апекі. Хоць яму апека гэта Косткаю у горле... Дрэмле Юрка ў заканурку I чакае долі!
[1920]
|
|