РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Перад будучыняй
Стаім мы перад будучыняй нашай
I ўсё варожым, сочым ейны ход...
Ці ўскрэсьнем мы з душой, ўпаўшай, зьвяўшай,
Каб выйсьці ў сьвет, як нейкі здольны род...
 
Сягоньня мы жывём, і ўдзень мы блудзім
Пад маскай, асьляпляючаю нас,
I што сказаць самім сабе і людзям,
Ня ведаем, ня можам, хоць і час.
 
Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў,
Шукаем, як сьляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.
 
Пакрыўленыя колісь нашы душы
Дагэтуль выпрастаць ня ў моцы йшчэ;
Снуёмся, ў думках зводных затануўшы,
А хтось, а штось і мучыць і пячэ.
 
Цябе чакаем, будучыні нейкай,
Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,
I гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.
 
А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
I кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.
 
Нявольніцтва й жабрацтва так нас зьела
I так нам высмактала з сэрца сок,
Што на'т у вочы глянуць, плюнуць сьмела
Ня сьмеем, стоптаныя на пясок.
 
Там чутна: Беларусь! Там – Незалежнасьць!
А там – «Паўстань, пракляцьцем»... Ну, а мы?
Мы ў страху... дум крутня... разьбежнаьць...
Бяз толку крыльлем хлопаем, як цьмы.
 
О так, як цьмы, як спуджаны вароны!..
І слухаем, і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны, –
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?
 
Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпыну выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон.
 
З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,
Брыдзём, паўзём у сьвет – скрозь неўпапад.
І прысягаем, клічам Бога ў сьведкі,
Што мы – ня мы, што нехта вінават...
 
І так жывём, сябе саміх ня знаўшы,
Учора, сёньня лазім між канаў...
Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай
Навек залом пракляты заламаў?
 
Няўжо нас не аб'ясьніць розум ясны
I не пакінем біцца з кута ў кут?
Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны –
Кліч бураломны: вызваленьне з пут?!
 
1922
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.