#1 О Крым, нязьведаная казка Жыцьця мінулага вякоў, Адным якія былі ласкай, Для іншых – скрыгатам акоў! У шумным пробегу сталецьцяў Нішто цябе, Крым, не згняло, – Таксама цягнуць рыбу сеці, Таксама птушка мкне ў сіло. Адвечным ладам шуміць мора, А зь ім – магнолія, платан... Аб чым яны з сабой гавораць, – Спытайся ночку ды туман!
#2 На узьбярэжжы крымскіх вод У неба сінь глядзіць Ай-Петры, – Над ёй аблокаў карагод, Пад ёй прапасьцістыя нетры. Глядзіць Ай-Петры ў дол з вышын – На белы хаты, на палацы, На стужкі каменных пуцін – Плады нявольніцкае працы. А я – з далёкіх ніў пясьняр – Па Гаспры з кута ў кут снуюся. Гняце мне думкі Крыма чар, Маркотна мне безь Беларусі.
#3 Гаспра, мілы мой прыпынак! Я ўжо скончыў свой спачынак I цябе я пакідаю, Да свайго імкнуся краю. Будзь прыветна, будзь здарова, Як татарка чарнаброва! Жыві доўга, як Ай-Петры, Хоць і веюць буйны ветры! Вам, магноліі, платаны, Кіпарысы і каштаны, Шлю я шчыра на прашчаньне Ад бярозак прывітаньне!
1923
|
|