РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Золак
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Свайму народу
Узьнімайся, хто быў катаваны,
Хто адважны, хто мужны і дуж!
Нібы рэкі, вясной раскаваны,
На сваіх варагоў лютых руш!
 
Узьнімайся да плённае працы,
Скінь з павекаў адвечныя сны
Ды будуй свайго жыцьця палацы,
Пракладай шлях да Шчаснай Вясны!
 
Узьнімайся! Грамадаю дружнай
Выйдзі, выйдзі на вольны разлог!
Кроч да шчасьця чаканага мужна
Каляінамі трудных дарог!
 
Кінь адвечную жальбу і гора!
Бач, як зоры на небе гараць,
І над роднай зямліцы прасторам
Долі новае ўсходзіць зара?!
 
Узьнімайся-ж грамадаю дружнай,
Годзе ў горы і роспачы ныць;
Кроч да шчасьця чаканага мужна,
Церабі шлях да новай вясны!
 
15.XII.1941 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.