Драч крычыць у густым тумане, Быццам хто яго, дурня, рэжа. Я прыслухаўся – празь мяне Прарасла Белавежа. Аплялі мяне карані – Працавітыя вязьні зямныя. Ты галіну адну крані – Пушча ўся ува мне заные. Мне зязюлі ня зьлічаць вякоў, Дзяцел грукае – мне у грудзі. А вятры, карагодам, вакол Ходзяць-ходзяць і сон мой будзяць. Быстрай ластаўкай, як стралой, Ў мяне вырай далёкі стрэліць – Сонца зь песьняй зялёнай, старой Узьніму на зялёных арэлях. У крыніцах крутых завару Хмель вясновы зь зялёнай пенай. Пад вірамі нямых завірух Ува мне навальніцы сьпеюць.
|
|