 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Гэта расказ пра коніка, пра зялёненькага і тоненькага, Братоў яго ў лузе спаткаеш са звонкімі капыткамі. Расказваў мой сябар з флоту гандлёвага. ...Чырвонае мора карабель выгаблёўваў. Ад сьпёкі нават чайкі каналі. Ноч на борт узялі мы ў Суэцкім канале. У труме млосна, бы ў пашчы кратэра, выходзім на палубу – зоры кратаем. Месяц – ілюмінатар надраены. Неба – трум велізарны, лямпачкі – зоры. Настрой так сабе. Курс правільны. Плывём па воднай прасторы. Канал прысьмірэў, лёг зялёнай тоўшчаю. На месяц глядзяць арабы-швартоўшчыкі, ня зводзяць воч з карабля, з нас, маракоў савецкіх; спачатку мы іх узялі, потым ноч у канале Суэцкім. Пахне нагрэтая фарба, жалеза. Ды голас танклявы цішу прарэзаў, бестурботна-вясёлы, прарэзаў далі, – здалося, што нам, сасьмяглым, падалі з халоднай крынічнай вадою конаўку. Ну як не пазнаць сьпевака нястомнага – коніка? Прыехаў, напэўна, ў араба на робе, яўна арабскае вымаўленьне. На палубе недзе зашыўся, маленькі, ды што ён з намі ўсімі робіць! Нясуць яму бульбу, капусны ліст. «Есьці бульбы ня будзе – сырая», – нехта пярэчыць, а журналіст, што з намі едзе, на ўсіх пазірае ды нешта ў блакнот занатоўвае. Мы слухаем коніка, згрудзіўшыся натоўпам... Мне ён, вядома, напомніў Ушаччыну: ...змрок па іржышчы ідзе з асьцярогай кашачаю Як певень на курасаднік, сонца за лесам села, пахне падвялае сена, пырскаюць, скачуць конікі, як са скакалкамі школьнікі. Іржышча злое. Покуль зялёнага зловіш – калені і рукі зялёнымі стануць. Ляжаш спаць, а ў запеччыку несьціхана недалёкая конікава радня цягне песьню сваю да дня... Конік змоўк. Нават мора расчулена-ціхае. Толькі гадзіньнікі ў цішы цікаюць, – здаецца – траскочуць конікі... Паслухайце – тоненька-тоненька...
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|