РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пункціры
Па сьнегавой цаліне паперы
сьляды крочаць.
Пахнуць сьляды пер’ем
сарочым.
Папраўдзе ж,
нічым яны і ня пахнуць,
проста мне так захацелася.
Сябра-канструктар
раскрыў папку
і выцягнуў ватман белы.
На ім пункціры –
гуськом, ланцужком,
валюхаюць гэтак зайцы паціху
                                                                    беражком,
                                                                    лужком,
                                                                    лажком.
Хай воблака лічбаў
мяне праміне –
слаба
ў навуках дакладных петру:
адно толькі ў школе
я палюбіў –
геамэтрыю з прымяненьнем
трыганамэтрыі.
Пункцірам я
намячаў з ахвотай
розныя там праэкцыі.
Зь лініямі не сьпяшаўся –
лічыў нескладанай работай,
якая ўмомант прыесца.
Праз кожны пункт
правядзеш
колькі хочаш ліній,
ня мной даказана гэта.
Я толькі ў гэтым, прынамсі,
пераканаўся
на маладых дарогах
цалінных.
Я за першапутак
пункціра
і за лініі ліўняў!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.