РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Парк
Бор малады жывіцай пах,
Вёў дзён падлік ад ночы,
Пакуль высокі тытул –
                                                  «Парк»
Не атрымаў аднойчы.
 
Стары праезджаны балыдак
Зваць пачалі праспэктам.
З крывой сасны глухі глушак
Глядзеў на ўсё, як скептык...
 
Яшчэ нядаўна тут грыбы
Расьлі сабе бяз пляна.
Ад жураўлінае трубы
Будзіліся паляны.
 
Бор у тумане зябка груз
Па самыя халявы.
I тут грузьнеў крамяны грузд,
Рос баравік смуглявы.
 
Ня ўбачыш зараз пнёў гарбы.
Алейкі – дзе ні глянеш.
I рэпрадуктараў грыбы,
I ягады гірляндаў
 
Трымаюць сосны на плячох –
Ім плян даведзен строгі.
Дажджы ў нэйлонавых плашчох
Ідуць узбоч дарогі.
 
На лавачках сумуе парк
Ад санаторнай седні,
Глытаючы
                        забыты пах
Смалы
              з бароў суседніх.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.