Маіх летуценьняў прабабка Прыбалтыка.
Вясны маёй першая ластаўка, Чакаю – ты зноўку вернесься I, як касынкаю аднаклясьніца, Махнеш мне ветразем сьветлым верасьнем. Я шчырае слова табе выношваў, Як першынца маці юная. Слова пад сэрца тоўхала ножкаю, Разам са мною трызьніла дзюнамі. А за маімі заспанымі вокнамі Горбілі гурбы гарбы свае вострыя. Бура ў бары галасіла ды войкала, Нібы на салёным эстонскім востраве. Памлець там на бераг нагрэты палезе, Прабой разагнуўшы, прыбой ускалмачаны. За сінім застольлем Краіна паэзія Шліфуе бурштын слова мовы матчынай. I вершы гарластымі чайкамі вылецяць, Іх крылы прапахлі глыбінямі, рыбаю. На гулкіх, як раніца, Вузкіх вуліцах Не разьмінесься ні зь сябрам, ні з рыфмаю. I ў снох і ў падумках цябе я такою бачу Зь ікрамі загарэлымі, з позіркам сінім – рыбачка.
|
|