Я ў Белавежы спаткаў равесьніка. Стаю, дзівуюся, вушы разьвесіўшы. А мой равесьнік з грэчаскім профілем спаважна пахрумствае галінкі крохкія. Упэўнены поступ, спакой алімпійскі, нібы дадатнымі рысамі проста яго надзялілі першым па сьпіску. Снуюць навокал аляняткі падласенькія, а мой равесьнік ня моргне вокам, узвышаецца белавежскім клясікам. Як прыжыцьцёвы помнік, цень ад яго вялікі, ён незямной асалодай напоўнен – ён зьняты з усіх улікаў. Трэба прызнаць, і ня блага яно – майму равесьніку ў гэтым загоне. I мне ня блага, заўважан даўно і – каб не сурочыць! – ня быў у загоне. I мне – дваццаць шэсьць, і мяне зрэдку гладзяць пад шэрсьць, ды мне яшчэ доўга пацець на сходах, нарадах, сэкцыях... А мой равесьнік спакойна пасецца. Губамі цёплымі абрывае ліст, які яму больш па сэрцу.
|
|