Калі разыходзяцца лета з восеньню палюбоўна, а бульбянішча на зіму яшчэ не пераворана, зграбаюць у кучы, паляць бульбоўнік. Іскры лятуць і блякнуць патухлымі зорамі. Дым спачатку рвецца ўгару, ды перадумвае неўзабаве, – мабыць, лагчынай прайсьці захацелася. Барана, што ляжыць дагары зубамі, як вожык той, абчаплялася лісьцем зжаўцелым. Сланечнік галаву цяжкую праз частакол прасунуў, грэецца – холад даймае патрошку. Лятуць журавы над Ушачай з курлыканьнем сумным, ляціць наўздагон ім ціхае: «Пуцём-дарожкай!» На возе едзе мох баравы, запалы лістам, ігліцай, дым сьледам ідзе, і конь галавою матляе стомлена. З раніцы хмурыцца, хмарыцца, пад вечар – імгліцца. Журавель над студняй прыгнуўся – нізка пад восеньскай стольлю Я гэты ціхі дым на смак і навобмацак ведаю, яго я ні з чым не паблытаю, любой парою, дзе б ні быў, адусюль па ім, як ганчак па сьледу, дарогу дадому знайду, да матчынага парога.
|
|