РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Валярына Кустава
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ты такі наіўны, мой Бог, –
ты падобны крыху на дзіця.
Не маўчы, каб і я ня змоўк,
не адмоўся, каб я ня змог
адлякацца твайго быцьця.

Што Галгофа мне – што Амстэрдам,
Рым, Варшава, Мадрыд, Парыж,
Прага, Вільня...
                                    Расстрыгаў храм!..
Тут вакхічнасьць гаспод... а там?..
Там – размовы бяскроўных дам.
Ды паўсюль ты, як грэх, гарыш,
несучы тайнапісны крыж,
бы парушыў сьвяты запавет, –
ты ж ад фальшу схаваў мой сьвет,
абярог ад мастацтва зла,
аджагнаў ад нямотнага тла,
каб глыбінную зеўру дна
не спазнала мая галізна.

Ты такі недарэчны, мой Бог,
выпадковы такі ж, як я.
Што ж, – ты ўзвысіў цяпер над пасьля,
ды згубіў свой відушчы зрок.
Местачковы менскі прарок,
ілюзорны ўзвышэньня рог
твой у раструбе ўжо заглох?!.
Я ж прасіў: «Не маўчы!..» – як мог. –
«Не маўчы, каб і я ня змоўк!..»

Адступіся!.. Я сам, мой Бог!
Адступіся, мой Бог, я сам!
Я згару, ды спаліць ня дам!
Буду неслухам, як Адам!..
Адступіся!.. Мой Бог – убок!..

Зь венаў асьпіды смокчуць грог,
з пуні лезуць павук ды цмок,
з гнойнай покуці смоўж ды мыш
загаворваюць: «Цот-няцот...
Выракайся сьляпых пяшчот:
летуценьнікаў – горлам на плот,
ды ва ўсьмешцы парваны рот,
і барвяны са скроняў пот!..
І народ твой – на нуль, на лот!..
І маўчаць краты, як народ!..
Не сьвятар, не анёл, а віж
правярае магільняў ціш.
Людзі – людзі, зьвяры – зьвяры.
Марай хочаш прыйсьці? – гары!..»

Я гару на скрыжалях мар –
марна вераць, што я ўваскрэс!..
Я палаю душою спрэс,
я гару на крыжоўі крэс,
я гляджу на нябёс парэз,
а з парэзу: «Куды ж ты ўзьлез?!»
Адзічэлы і хворы ў лес
прыбягу пахаваць свой дар,
што ўпусьціў на зямлю Ўладар.

«Ты няздар, ты няздар, ты няздар...» –
з дрэваў белыя крумкачы.
«Тут капцы!.. Не тапчы, не тапчы...» –
з плітаў белыя крумкачы.
«Ты зважай, ты пільнуй, ты сачы...» –
з хмараў белыя крумкачы.
«Празь цябе прарасьлі касачы...» –
ў сьпіну белыя крумкачы.
«Прошчай цела сваё змачы...» –
зь ветру белыя крумкачы.
«Забяры!.. Ты павінен змагчы!..» –
з промняў белыя крумкачы.

«Не пярэч!.. Памаўчы, памаўчы!..» –
вязьні – белыя крумкачы...

«За табою жыве чарга,
кожны першы ў чарзе той гад –
зганьбаваць, напаскудзіць рад.
Кажа гад: «Я твой брат. Твой брат!»
А з-за слоў перагар і мат.
На Дзяды,
                      на жніво,
                                          ў час Каляд
свалата ідзе на агляд –
кожны першы лісьлівы гад
патыхае: «Твой брат я, брат!..»
І паўзуць гады ў лес, бы ў сад,
кожны першы паўзун зь іх кат –
скрасьці дар хоць празь сьмерць ён рад.
Кажа кат: «Я твой брат, твой брат!..»
 
«Забяры!.. Ты павінен змагчы!..» –
твары – белыя крумкачы...
 
...Зьнітавалася птаства ў шар –
крумкачыны дзюбаты твар,
і асьмягнуў няўпэўнасьці жах
на рудых ад крыві крыжах.
 
Дыхла сьціснула... Заняло.
Як сівой навальніцы крыло
па вачох асьляпелых прайшло!..
Я жыло... я крычала... жыло!..
Крумкачыная плойма жытлом...
Птахаў зьбеленых крылалом...
Да нябёс – галавы на злом!..
 
...Ды зьляцеў крылатвары шар
безь мяне
                        і пакінуў дар:
«Забяры яго, забяры!..
Мы табе не браты – сябры.
І ня грэбуй ты дарам век:
бо ня птах ты, а чалавек...»

«Забяры!.. Ты павінен змагчы!..» –
душы – белыя крумкачы...

Я зірнуў на свой дар – немаўля...
Гэта ж я!? Немаўлём быў я!..
Немаўлём на грудзях зямлі –
мяне птахі з сабой не ўзялі!..

Знайдам я на няспынку дарог
лашчу сьлед твой, пільную крок...
Звандраваўшы на мой парог,
папярэдзіць забыўся знарок,
што ты ў веку маім, мой Бог,
што таксама дзіцём ля ног,
немаўлём на грудзях нябёс.
Крыж – ня крыж твой,
                                                    а лёс – ня лёс...
 
Мовіў юны Бог: «Ты сурмач,
голас свой сам усім тлумач!..
Хваля ты, а сусьвет – прымач!..
Ты гулец,
                      тут гульня,
                                              твой матч!..»

Я хацеў... я ляцеў...

«Вар’яцеў!..
Час прыйшоў – ты цяпер сасьпеў!..»

І гучыць небясьпечны сьпеў:
              «Адхіснуся
                                      я
                                          ад маны!...
              Дацягнуся
                                      я –
                                              дзе званы!..» 
 
...І на гукі сівой сурмы,
як аблокі, бягуць сланы –
круглабокія, бы збаны,
ружавокія ўсе яны,
як зь дзіцячых малюнкаў сны...

Я гару за цябе, мой Бог.
Я змагу, калі ты ня змог.
 
2003
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.