РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Год

Анатолю Вялюгіну

 

#I
Заспаныя прачнуліся грымоты –
I кнігаўкай сьпявае лазіна,
Самлелая ад леташняй сьпякоты,
Абложная дыміцца баразна.
Шчэ гнёзды стылыя, пустыя соты,
А ўжо ад слоў хмялее давідна
I ні пра што ня думае вясна –
Дачка гарачай ласкі і пяшчоты.
 
У вочы зазірні – ня ўбачыш дна.
Далёка недзе прыпар і турботы.
Гуляе дзеўчына, пакуль адна...
Цяжарнее калосьсем цаліна.
З гнязда глядзіць пухнацік жаўтароты –
Клапоты ад цямна і да цямна.

 

#ІІ
З далёкага цяплыньскага павета,
Пакінуўшы ржавець з’араны плуг,
Спатнелае расхрыстанае лета
Прыйшло – і луг ад конікаў аглух.
Смугою ахінулася планета.
Займае дых гарачы кменны дух.
Дзе воблачка, дзе дзьмухаўцовы пух?
I просінь просіць шырыні ў прасьвета.
 
Ад завірух калючых пацярух
Наскрозь дарога ўезджаная ўгрэта.
Шчырэе летні дзень адзін за двух.
Пал воч вясновых чыстых не патух,
Нібы агонь далёкіх зор Сусьвета,
Падлётак над стагамі робіць круг.

 

#III
У Белавежы – лосьна, язьна ў Шчары.
Зь лясной крыніцы агнявы глыток.
Узважлівая яснасьць дзёрзкай мары
I стрыманасьці першы халадок.
Сягае ястраб думкі праз гушчары
Над збросьнелаю зацішшу заток.
Перакідае восень жоўты ўток
I, па традыцыі, згушчае хмары.
 
Разблытаць хоча бліскавіц маток
Рабінавая ноч. Рабін стажары.
Лядком на лузе шкліцца капыток.
Сівее ржэўе. Звонка стыне ток.
Пяро раняе вырай на абшары.
Рунь прагавіта цягне зябкі сок.

 

#IV
Зажмурылася смачна аканіца.
Сьпіць на пярынах белых цішыня.
Ад сіверу сьсінелая сініца
Ніяк ня можа дачакацца дня.
Рацэ, як рыбаку старому, сьніцца
Прыцмок саміны, стылы лёд ліня.
У дуба-ведуна з-пад караня
Прабілася бруістая крыніца.
 
Ляціць адліжны каркат вараньня
Зь яліны, што стаіць, нібы званіца.
Сядлае ўсход гарачага каня,
Штораз вышэе ў сонца вышыня.
I першапутак неба рэжа ніца
Палосак рэактыўных палазьня.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.