Неруш ранішні – роднае слова, Мне шукаць цябе, покуль гляджу, Пад зялёным крылом верасовак, Пад крысом і сьпякоты й дажджу. Слова, што як нарог для ратая, Як для ластаўкі – стромы вільчак, Ад якога на небе сьвітае, Ад якога ясьнее ў вачах. А пашчасьціць – натрапіцца неруш,– Зазьвіняць недзе промні наўзбоч. Неруш свой панясу я аберуч, Як сьлязіну з матуліных воч. Ад абразы, ад позірку злога, Шлях заблытаўшы для насланьня, Неруш ранішні – матчына слова, Мне, як бору, цябе засланяць!
|
|