РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кашуля Паўлюка Труса
Чырвоныя ружы,
Чорнае лісьце...
Няўжо гэта праўда:
«Насіў калісьці...»?
 
Як туман на дасьвецьці, сьвятлее кашуля –
Здаецца, мурог з Паўлюком кашу я.
Расхрыстаныя, ступаем поплавам,
Нам фыркаюць ветры храпамі цёплымі...
 
Маці кужаль прала пры лучыне,
На расе маёвай палатно бяліла.
Паўлюка чакала,
Дні лічыла,
Сустракаць выходзіла ў даліну.
 
А пасьліся ветры буйныя ў зялёнай,
Балаболкай рэха білася на шыях.
«Зазьвіні, сыночак, жаўранкам залётным!» –
Маці ўпрыхваткі касаваротку шыла.
 
Песьню родную гукала чарнабрыўка,
Па далёкім сумавала доме,
Адгукалася з дняпроўскага абрыву:
– Ой, не світи, місячэньку,
Не світи нікому...
 
I кашулю вышывала рупна
Чарнабрыўка ў інтэрнаце вечарамі.
I, як сонца,
Ёй заходзіла на рукі
Галава паэта кучаравая...
 
Чорнае лісьце,
Чырвоныя ружы –
Крумкач жалобы
Над радасьцю кружыць...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.