РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Птушкамі колісь былі цыганы,
Лёталі ў вырай,
Ды вольлі
Неяк наелі,
I ў неба яны
Узьняцца ня здолелі болей.
 
Ах, цыганы...
Возьнішчы, таганы,
Перамяняныя коні.
Толькі грывастыя табуны
Скачуць па снох неспакойных.
 
Да скону бясконцы
Шляхоў сувой.
Зялёная хата – дуброва.
Толькі цыганскае
Над галавой
Вечнае сонца вандровак.
 
Дзе ні прыстаў – абжывайся наноў
I зноў
За стары занятак.
Калі не пакрыўдзіў Бог цыганоў,
Дык гэта на цыганятак.
 
Ад вогнішчаў смуглыя, як жалуды,
Сьняць яны цёплы кухан.
Вырай курлыча пра халады
Небу на самае вуха.
 
I цыганам,
Сынам зямным,
Боязна сытых вольляў.
Колішнім птушкам,
Дорагі ім
                    песьня,
                    дарога,
                    воля...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.