Хоць зь любой гарой туман жані! Мутная, бяжыць рака Калдобня. Прашчурам пастой у цішыні I адчуй – сьвет сустракае добра. Хай шумяць высока трысьнягі. Ліўні йшлі – спаўзае бераг стромкі. Ліўні шчодрыя, нібы багі (Хмарам незнаёма слова «стронцый») Ластаўка ля самае вады. Б'ецца рыба сьлізкая, цяжкая (Тол глухі, з капрону невады – Гэта ўсё яшчэ яе чакае). Студзіць ногі ранішняя твань. Расхінай трысьнёг заспаны, млявы, – I сустрэнеш сонца шчодры твар (Потым і на ім заўважаць плямы). Лесуном далёкім ходзіць грэх. А зямля зялёна-маладая. (Шар зямны, як грэцкі той арэх, Скальпаваць ніхто шчэ не жадае.) Вырай скінуў мокрае пяро. Як Адам, чакаю, перазяблы, Ну калі Ўсявышні мне рабро Выламіць? Калі ж дасьпее яблык?..
|
|