РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Золак
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маці
Маці! ня плач, не журыся,
Сьлёз дарагіх не рані,
Думкам ліхім не карыся,
Роспач ад сэрца гані!
 
Цяжка – я ведаю, – маці,
Сына чакаці з вайны,
Думаць аб долі дзіцяці,
Сьніць ноччу страшныя сны.
 
Вер, што твой сын не загінуў,
Шчасьце ня здрадзіць яму,
Ён абміне дамавіну,
Хоць і нацерпіцца мук.
 
Зло не заўсёды на сьвеце;
Пройдзе навала нягод, –
Новай зарою засьвеціць
Шчасьця народнага ўсход.
 
Вернецца к роднай на ўлоньне
Твой ненаглядны сынок,
Пацеркі-сьлёзы аброніць
Радасьць матуліна зноў.
 
Прыдзе жаданая доля,
Сядзеш ты з сынам за стол,
Сэрца ня ныцьме ад болю,
Больш не пакрыўдзіць ніхто.
 
1.I.1944 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.