РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Вырастуць –
I разьлятуцца па сьвеце.
Спраў маюць багата,
Заняты дзеці!
– А маці працуе?
Спагадваюць дзеці:
– Старая ўжо... тупае каля хаты.
...Гасьцей прымае,
Са стала прымае.
Да стала ад печы –
Дарога прамая!
Бяз клопату сумна.
I так, для ўцехі,
Няньчыць унукаў,
Поліць лехі.
Бульбу капае,
Сушыць грыбы.
Тупае,
Весялей абы!..
Спаць многа ня любіць –
Даўгія ночы.
Ды толькі зьдзівяцца
Дзеці аднойчы,
Што нечакана наваліцца праца,
Што раптам трэба
З расой падымацца –
Даіць карову,
У печы паліць,
Высушыць дровы,
Гуркі паліць...
Ручнік карэлы,
Панура ў хаце –
Захварэла
Старая маці...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.