РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ранішні верш
Скрогат марознай раніцы.
Жудасна правадам.
Сьнегірамі –
Школьнікаў ранцы,
Вісельнікамі –
Сумачкі дам.
Шпілек
Нэрвовыя кропкі.
Замшы
Халёны спакой.
Цішу працялі крокі.
Сыплецца іней луской.
Позіркі бліснуць сінія,
Быццам з патайніка.
Машыны за ноч заінелі,
Як бровы адстаўніка.
Шыферным дахам –
Ватнік.
Трубы прарванай
Цьвярдзее флюс.
На рэгуліроўшчыка
Глядзіць прыватнік,
Як на ўдава трус.
Рэгуліроўшчык
Носа ня вешае.
Фігура,
Што й гаварыць!
Ультрасучаснаю галавешкаю
Жазло накіроўча гарыць.
Апрануты не па сэзону
(Таму вось сядзі і дубей!),
Хоча пагрэцца
Каля нэону
Апуджаны верабей.
Няма з марозам
У графіка блату.
Думка адна –
Не спазьніцца б адно ж...
Дольку лімонную цыферблата
Рэжа стрэлкі сэкунднай нож...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.