РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мяккія рукі
З народнага
На белым сьвеце
Жылі дзьве сяструлі.
Аднаго бацькі,
Адной матулі.
А лёс, як звычайна,
Дзяліў адпаведна:
Багацьце – багатай,
А дзеткі – беднай!
А песьня-забаўка
Ліха гукала,
А песьня сьпявала
Сваё памалу:
– Люлі, люлі, малое,
А налета – другое.
Люлі, люлі, Несьцерка,
А налета – шэсьцерка!
Сястра-багатырка
Ўзяла немаўлятка.
Малечы цётка
Стала за матку.
I год праходзіць,
Другі мінае,
Дачушку маці
Штодня ўспамінае:
«Як там яна
У багатай хаце?..»
Пайшла праведаць
Дачушку маці.
А вузкую сьцежку
Сьляза звужае.
Прыйшла не як маці
Як цётка чужая.
...А частавалі
Сытой салодкай.
Ідуць праводзіць
За рэчку цётку.
А цётка просіць
Багатую матку:
– Малую перанясу
Цераз кладку.
Малая й кажа
(А словы з дакукі):
– Мама,
А ў цёткі
Мякчэйшыя рукі...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.