РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Золак
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Роднае слова
“Беларускай Газэце”
Над палеткамі роднага краю
Праняслася пажога вайны
Спапяліла шалёную зґраю,
Зґраю цемры і дзікай маны;
 
Разагнала цямраныя хмары,
Ясным сонцам сагрэла зямлю,
Ціхай радасьцю ўквеціла твары,
Абудзіла зьнядолены люд.
 
Ў гэты час ты, радзімае слова,
Паляцела, як ластаўка, ў сьвет,
Загучэла пагудкаю новай
Для таго, хто нясыт, неадзет.
 
Ты ўзышло на адвечных руінах,
Цёплай ласкай сагрэла душу.
Над радзімай зьнядбанай краінай
Паляцеў неўміручы твой шум.
 
Ты збудзіла да новага жыцьця
Сонны горад, сіротку-сяло,
Зацьвіло васілёчкамі ў жыце,
Зазьвінела каралямі слоў
 
Такіх родных, знаёмах спрадвеку.
Неўміручае, роднае! Ты
Абудзіла ў душы чалавека
Нізку мараў, надзей залатых.
 
Дык жыві-ж, мілагучнае, вечна,
Над радзімай старонкай зьвіні,
Абдары сваёй ласкай сардэчнай
Нашы, сонцам сагрэтыя, дні!
 
Сей разумную праўду народу,
Абуджай, заклікай і вядзі.
Як паходня, ў баю за свабоду
Беларускаму люду сьвяці!
 
23.VII.1942 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.