РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Полька
Угінай, загул, масьніцы!
Позьні час прыпеўцы сьніцца...
 
– А хто полечку танцуе,
Той багата не жыве,
Ён апошнюю кароўку
На падэшвы прадае...
 
Дзе падбойкі?
Дзе апоркі?
Бо навалам – мікрапоркі!
Шэйк і твіст...
А тупат полькі
У прыпеўках глухне толькі.
 
– Ой ты, полька-тармасуха,
Дождж ідзе, дарога суха...
 
Не ўтрываеш у спакусе,
Баламут, не баламуць!
Я прачнуўся,
                              чорт ня біў яшчэ ў кулачыкі.
А ня сам я трасуся,
Мяне чэрці трасуць,
А малыя чарцяняткі падкалачваюць!..
 
– Ой, дзяўчына, чыя ты,
А ці пойдзеш гуляць ты?
– А што табе, чыя я,
Пойдуць людзі,
Пайду й я!
 
Я дачка Аксіньніна
I крыху Арцёмава.
Вочы не падсінены,
Бровы самі цёмныя.
 
Не хадзі пацёмначы,
Пра бацькоў ня помнячы.
Добрыя ў бацькоў намеры,
Толькі трэба й супраць меры:
Дзьверы
Я зраблю з паперы,
Каб хадзілі кавалеры:
Бацька дома не начуе,
Маці глуха – не пачуе!
 
Аж цямнеецца ўваччу,
Я скачу й скакаць хачу,
Ой, паскачу, паскачу
Свайму бацьку-смаркачу,
А мамачцы-любачцы
Прынясу я ў люлечцы!
 
Павяла брывом Паліна –
Ўсіх паглядам апаліла.
Хай дрыжаць
I сват і зяць!
 
Пайшла Полька жыта жаць,
Хоць забыла серп узяць, –
Покатам снапы ляжаць!
Не шавеліць кволенька,
Песьня цьвеліць з поленька:
 
– Ой, Поленька, Поленька,
А што ў цябе голенька?
– Не брашыце, зладзеі, –
Занялося кудзеляй!
Ай, частушка, ай, частуха!
Павяла плячом таўстуха:
– Танцуй, танцуй ды прыстой,
Караценечкі з таўстой!
Як ня схопіш рытму спрытам –
Абначуеш пад карытам!
Пяты б'юць маланкай колькі.
Полька зьбілася?
Ніколькі!
Полька да ўпаду!
Бойка – да сьлёз!
Хто зьбіваецца з ладу?!
Шаптуноў – на мароз!..
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.