РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У вянок Мацею Бурачку
Ня дужкі ставіць –
Узводзіць куркі
Карцела пальцам.
Бывай, зацішак!
Для засьцянковых франьцішак
Радкі
Напіша іншы які
Франьцішак!
 
Чытай, грамацей, –
Ён Мацей Бурачок.
А на Мацея
Дарога пацее
Сьпіной мужыка,
Што спазнала дручок
I на бізун
Яшчэ мае надзею.
 
На караністай дарозе
Вазак
Цябе растрасе,
Таўстазадая ода.
Паэт – ён гарыць,
Як балючы гузак
На лобе абражанага народа.
 
Зьнявага
Вялікадзяржаўна ўрачэ,
Паэта радкі –
Ад упуду замова.
Народ жа
Саромеецца яшчэ
I мовы сваёй,
I сябе самога.
 
Двукосьсі пасьля!
Косы і тапары
Бяз знакаў прыпынку
Гавораць з панамі.
I дзецюкі Кастусёвы ў бары
Чакаюць тут жа,
За Жупранамі.
 
Хаця кароткія,
Ды сьвяткі –
На Белай Русі
Днеюць белыя сьвіткі.
...Нашчадкам паўстанцаў
Сьвітайце, радкі.
...Бяроста бялей
За пергамэнту зьвіткі...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.