РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Таму, хто верасьні дарыў

Памяці настаўніка майго
Фадзея Францавіча Багдановіча


 
Як, неспакойны, спакоем заручышся?               
Спрытнюгі моляцца
На гаражы і на страўнікі.
Па сьмяротнасьці –
Не па неўміручасьці! –
Пасьля касманаўтаў ідуць настаўнікі.
 
Ім па гадзінах аплата сьціплая,
На экзамэнах –
Букецікі ў складчыну.
...Лучынка курылася,
Газоўка хліпала.
У людзі выходзіла
Мова матчына...
 
З торбачкамі,
З партфэлямі,
З ранцамі,
Вачапоры,
Баламуты,
Накольнікі
Сьпяшаліся да Фадзея Францавіча,
Каб ранішнім словам назвацца –
Школьнікі.
 
Няўвагі баяліся, праглі пільнасьці.
Вы цеплілі нашыя вочы надзеямі.
Як мы, падшывальцы, са скуры лупіліся,
Каб быць
Любімчыкамі Фадзеевымі!
 
Беларуская мова,
Маўчаньня хвілінаю
Ушануй аднаго са сваіх старэньнікаў:
Як і ты, меў павагу,
Няспыннаплынная,
Да канкрэтных назоўнікаў –
Не да займеньнікаў.
 
Блакіт абмерваюць крылы бусловыя.
Жыцьцю клапотна,
Буркотна рачулачцы.
Кажу Вам сыноўняй удзякі словы я
Тады,
Калі Вы іх ужо не расчуеце.
 
Хай будуць пашаны шатамі ўшачаны
Над Вашым спакоем
Нябёсы вернасьці.
Хай будзе пухам
Зямля Ушаччыны,
Дзе Вам паўтарацца
Школьнымі верасьнямі...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.