РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паэты
450
Васілю Зуёнку

 

#I
Пускалі ў вочы досыць дыму!
Паэты пачынаюць думаць,
Асацыяцый караваны
Па ўсіх радках накіраваны.
Паэты пачынаюць думаць –
Пабольшала ў іх гаспадарка!
I словы
Жалудамі з дуба
У аральлю душы спадаюць.
I прарастаюць там навечна
Расток радка,
Галінка верша...

 

#II
Хай клопат свой раток
З гнязьдзечка прагна цягне, –
Шануй, паэт, радок,
Не захлыніся ў багне,
 
У твані цішыні,
У бросьні дабрабыту.
Нікога ня віні.
Віноўнік ёсьць нібыта?!
 
Хай штогадок ядок,
Няхай няма навару –
Шануй, паэт, радок
I не ашуквай мару.
 
Сам дбацьмеш аб сяўбе
I думаць пра дакоскі.
Прадумай сам сябе
Ад кропкі і да коскі.
 
Бо не па едаках
I жончынай саеце –
Нашчадку па радках
Цябе судзіць, паэце!

 

#III
Паэты – вясёлыя жабракі.
Пакуль на пярынах дрыхнуць
Начныя ўкормленыя жарабкі,
Паэты кідаюць жэрабкі
На шчасьце – выцягваюць рыфму.
Ня сьмейся, ня ў сэйфе іх скарбы – наўкол:
Сузор’е, суквецьце, сугучча,
Дол зрушыць драпежнай мэтафары тол.
Што чэк тленнавечны, сухі пратакол,
Пячатка – яе сургучнасьць?!
Радкі ім нашэптвае пошап ракі,
А час на Браслаўях, Таймырах
Бярэ, быццам рыбіну, за жабракі.
Багаты вясёлыя жабракі
Даўгамі і зайздрасьцю шчырай!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.