РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *

Пімену Панчанку

 
Хлеб з сольлю еш, –
А праўду рэж! –
Наказ,
Які ня мякка сьцеле.
Зразаецца й круты лямеш,
Спрадаецца й хлусьні кудзеля.
 
У вочы праўду рэж,
Калі
Глядзець баішся праўдзе ў вочы,
Другіх папрокамі калі,
Трымай язык,
Як хвост сарочы.
 
Зручней пятлёю петляваць,
Чым рэзаць праўду
Прайдзісьветам,
На пыцель плёткі пытляваць,
Дастаць суседа рыкашэтам...
 
На покуць,
На шчасьлівы стол
Няхай пачэсна завітае
Хлеб чорны,
Чэрствы, як падзол,
I соль,
Як ветразя сьвітаньне.
Хлеб з сольлю еш! –
I ў гэтым соль.
А ўдосыць хлеба наясіся –
Ня прагні,
Збыўшы боль і золь,
Зірнуць,
А што ў ласейшай місе.
 
О, дудак прагнасьці ігра,
Што чэраву на вуха пела:
Каб сольлю –
Чорная ікра,
А хлеб –
Як хатні лебедзь белы!
Зь бязьсьмерцем на адной назе
Ля смаляное лавы славы
Лысеюць дабракі ў чарзе
I праўдалюбаў любяць нават.
 
Каб профіль дабракоў
Ня зьнік
Зусім –
На ім
На той падставе,
Што і на мякаці мясьнік,
Знак мяккасьці
Ім варта ставіць.
 
О, дабракі.
Як кумпякі.
Ля лысін –
Кудзерак апенькі.
А праўдалюбец – ён такі,
Як ідэал юначы,
Ценькі.
 
Нішто загадаў дынаміт!
Як ні круці,
А праўдалюбцы
Не падыходзяць пад ліміт
I ў розьніцу не прадаюцца!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.