Забудзь на тлум, На звады – Ад сьвежаку хмялей! Кляновыя прысады За белы дзень сьвятлей. Яшчэ лістоў замнога, Іх сівер строс ня спрэс. З клянамі ў падкіднога Гуляй на інтарэс. Рэж з-за пляча з запалам, Ды не зусім лісьці! Ступай па шорсткім, палым, Па колішнім лісьці. Для дум, Для ног разьмінка. Бяруць у прымакі I вёска Журавінка, I вёска Кулікі. Хай хмары смутак возяць – Апрыклы свой аброк. Як восець, Пахне восень Снапамі да аблок. Жыцьця дары бажэюць, Сьвятлеюць, далібог, – Ад раньніх Рубяжэвіч Да зьмерклых Налібок. Хада не захістала, Пакуль з табой, Хадок, Прасьветленая сталасьць, Развагі халадок. I кожны шолах Дораг. I лёгка забрысьці Па неатухлых зорах У неба ў забыцьці...
|
|