РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Тры прысьвячэньні маім вёснам

* * *

Лечу кожную вясну
Марай трапяткою,
Што наноў
Жыцьцё пачну
З маладой травою.
 
З першым громам
Раўчука,
Маладым, сьцюдзёным,
Зь першым звонам
Жаўрука –
Клопатам штодзённым.
 
У зялёнай гамане
Радасьць на папасе.
Нібы шмат яшчэ ў мяне
Вёсен у запасе...
 
Толькі з кожнаю вясной
Я гляджу,
Дзе вёсны.
Да мяне сьпіной, сьпіной
Раньні сьвет дзівосны.
 
Ад мяне бачком, бачком
Цёмныя сьцяжыны.
Да мяне маўчком, маўчком
Недавер птушыны.
 
Кожную вясну
Маіх
Вёсен меней, меней –
Не бяру ў бярэма іх,
Захінаю... жменяй...

 

* * *

Узгоркам на прыслон
Сьвярбіцца –
Тачыцца пачала трава.
Сарока –
Сьнежкай на вярбінцы.
I жаўрукоў –
Як з рукава!
 
Настрой падрос,
I ранак вырас.
Аберуч зоры латашы.
У рэках – глыбасьць,
Небе – шырасьць,
I толькі шчырасьць –
У душы!
 
З пашанай хочацца схіліцца
Над зыбкай шыбінай стаўка
Перад рунявасьцю ігліцы,
Перад раптоўнасьцю лістка...

 

* * *

Даўні
Гаспадарчы клопат:
Толькі б выйсьці на вясну –
У густую сінізну,
Сьмелы высьвіст,
Цёплы лопат.
 
На вясну я зноўку выйшаў,
Шчыры шчэбет
Лашчыць слых,
Стала больш
Сяброў былых,
Больш
Прыгорбленых узвышшаў.
 
Болей
Дамавін цяжкіх,
Што мае црыгнулі плечы.
Зор паменела маіх
У табе, спрадвечны
Млечны.
Менш падкоў,
Віхрастых грыў
Рысакоў
Майго адчаю.
Быццам за абрыў
Забрыў –
Я са смуткам прыкмячаю.
Зоркі роспачы
Гашу,
Сашчапіў далоні дошчак, –
I шпакоўні,
I душу
Перапоўні,
                        весьні пошчак!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.