РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Па Даўгінаўскім гасьцінцы

Менск – Акопы

 
Пусьціўшы дома пагалоску,
Што я нядуж, лячыцца час, –
Пакінуў горад, еду ў вёску
Набраць здароўя на запас.
 
Трухкоча брычка па дарозе, –
Сам Разымблюм за фурмана, –
Мяне ж падкідвае на возе
Ад ям, калдобін і канаў.
 
Дарогі нашы, ой, дарогі!
Былі няважны для язды, –
Цяпер сам чорт паломіць ногі,
На хвост нагоніць верады.
 
Ах вы, шляхі!..
                              З гары на горку
Кульдык-кульдык, то ўвысь, то ўдол;
Зьбярэсься з думкай на гаворку,
А тут пад зад цябе вандол...
 
Конь пазірае ўбок з укоса
На плех мурожны пад кустом
Ды круцідь-верціць пад сам носам,
Як той кадзільніцай, хвастом.
 
Абапал высяцца прысады,
А дрэвы пэўне па сто год –
Было іх больш, дый далі рады:
Працерабіў іх свой народ.
 
Гляджу на звалены бярозы, –
Маркотна думкі пацяклі:
Змаглі вы буры і марозы,
Людской сякеры не змаглі.
 
А людзі? Ведама, як людзі,
Як кожны наскі чалавек:
Садзіць сягоньня тое будзе,
Што ўчора так нядбала сьсек.
 
Бяжыць пад коламі гасьцінец,
Бягуць прысадзіны назад.
Вакол бясконца сьвет-дзядзінец,
Палеткі, вёскі, лес, як сад.
 
Знаёмы гэты мне шлях родны, –
Даўгінаўскі вядомы шлях!
Які нёс годных і нягодных
На векавых сваіх плячах.
 
З Даўгінава ў Менск балаголы
Па ім, бывала, дзень у дзень...
Ад дзёгцю пах, скрыпня ад колаў,
Шум ад людзей...
                                      І ўсё, як цень!
 
Як сон нязбытай абяцанкі...
Заціхнуў шлях, як птах зімой,
Цяпер даўгінаўскай фурманкі
Ты не спаткаеш, браце мой!
 
Ты не спаткаеш стуль суседа,
А мо’ й матулі з вас які...
Былі сваймі у шчасьці, ў бедах, –
Цяпер чужыя чужакі.
 
Ды ані вестачкі адтуля,
І нібы сам адтуль далей,
Адно пачуеш, як зязюля
Кукуе там, як і даўней.
 
А воўк завые – адгалоскі
Лятуць сюды, калі дзень ціх,
Як бы і воўк адгэтуль вёскі
Забыць ня можа там – у іх.
 
Для птушкі вольнай і для зьвера,
Як і для думкі – ўвесь ім сьвет!
Для іх ня ўпішаш на паперы
Ні меж гранічных, ні пікет.
 
Калісь мы ў Рыгу збожжа везьлі,
Цяпер зямлі завезьлі часьць...
Але ж куды мы, думка, ўлезьлі?
Глядзі, наклічама напасьць!
 
Ану, мой косю!
                                  Што там?
                                                        Пустка...
Вярні з гасьцінца ўбок гужом!
Бо далей – «пропуск», і... «пшэпустка».
Стань, Разымблюм!
                                          Акопы ўжо!
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.