РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У лесе
Калі бывае мне маркотна, –
А я маркочуся часьцей,
Як гэта думае ахвотна
Мой дабрадзей ці ліхадзей, –
 
Тады іду я ў лес нядбала,
Каб не мазоліць воч людзям,
На мох валюся дзе папала,
I ўжо я з пушчай сам-насам.
 
Ніхто ня бачыць і ня чуе,
Аб чым тут гутарку вяду,
Дзе думка днюе і начуе,
Сваю хавае дзе нуду.
 
А зь лесам сябры мы старыя, –
Ня раз праводзілі папас;
За сорак год нам дружбу крые,
Калі сышліся першы раз.
 
За гэты час, навек схаваны,
Шмат мелі ўсякіх лет і зім, –
Былі агні, былі туманы,
Было ўсяго са мной і зь ім.
 
Цяпер, калі сюды прыйду я,
Знаёма, ясна, як сьляза:
Ўсё тыя шышкі лес гадуе,
Ўся тая ўецца дзермяза.
 
Таксама мох ляжыць, як воўна, –
Бы ў пуху песьціцца нага;
Ад птушак ройна, шуму поўна,
Глядзі ды слухай як мага.
 
Сягоньня бачу тут бярозку:
Была жывой – цяпер ляжыць, –
Як маёй смутнай долі цёзку,
Пасьпеў віхор яе скрышыць.
 
Бяз часу ёй прыйшлось замерці...
Ляжы, гаротная, ляжы,
Пакуль не разьбяруць па чвэрці
Цябе на дровы ці крыжы!
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
На памяць мне прыйшла дзяўчына, –
Скажу – тутэйшая яна, –
I здарылася зь ёй прычына,
Прычына жудкая адна:
 
Кашульку ёй зьнялі ў няшчасьці –
Суседзі, а ня іншы хто –
I падзялілі ўсю на часьці,
Як бы дзяліць ня мелі што.
 
Прыціхне лес ды зноў аб нечым
Шуміць, гамоніць, колькі дуж,
Супроць вятроў каробіць плечы,
Ўвесь выгібаецца, як вуж.
 
Вароны ў высі крык заўзяты
Узьнялі, бы клянуць сябе,
А дзяцел дзюбаю зубатай
Дзяўбе сасонку ды дзяўбе.
 
Зязюлька ў тахт «ку-ку» кукуе,
Як ёй хто голас натачыў;
Лічу, ці доўга павякую...
Замоўкла... мала налічыў.
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.