РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маладая ачуняла
Ах, як сталася ўсё гэта?!
Як бы нейкая камета
Натварыла цудаў-чараў
I схавалася за хмару.
 
Зьнядужэла маладая,
Нібы сьмерць яе зьядае,
Ці то хоча, ці ня хоча,
Зазірае ў самы вочы.
 
Яе дружкі і нядружкі,
Як дасужлівыя служкі,
Баюць: верце ці ня верце –
Маладая ўжо пры сьмерці;
 
Што ў яе, мабыць, сухоты
Або іншыя слаботы
Не дадуць дажыці веку,
Колькі трэба чалавеку.
 
Людзі далі ў гэтым веру –
Надта ж верныя ня ў меру, –
Паглядзелі бліжай, далей
I галоўмі паківалі.
 
– Што ж рабіць, калі нядужа?
Пахаваем яе, дружа... –
Так кум куму зважна кажа;
А ноч цёмная, як сажа!
 
I ніхто нідзе ня згледзеў,
Як тут рупныя суседзі
У ахвоту аж да поту
Узяліся за работу.
 
Той зь сякераю, як дужы,
На дамоўку дошкі стружа
I габлюе гэблем гладка...
Ці ня рана, мой ты сватка?
 
А другі з стальной рыдлёўкай
Зямлю рэжа на дамоўку, –
Дол капае, дол глыбокі,
Каб пясочак быў нялёгкі, –
 
Каб, як ляжа, легла лепей
Маладая ў гэтым склепе,
Сьвету больш не турбавала,
Ціха-ціха ў доле спала.
 
А суседкі без аглядкі,
Маладую ўклаўшы спаткі,
Пазабыўшы сьмехаў, гуляў,
Шыюць ёй на сьмерць кашулю.
 
Шыюць, шыюць дый заплачуць,
Аж адна адной ня бачаць,
Сьлёзы вытруць, потым сьціха
Шэпчуць: «Ах, якое ліха!»
 
А ў сьвятліцы на палацях
Маладая ў белай шаце
Уздыхае, ломіць рукі
Ад вялікай, цяжкай мукі,
 
Што яе адну дзіцятку,
Як сіротку, без даглядку
На няласку, на нядбальле
Ўсе пакінулі бяз жалю.
 
– Хай кідаюць, – шэпчуць губы, –
Хай жадаюць маёй згубы,
Але дзе ж той ненаглядны?
Ці і ён, як усе, здрадны?
 
Няўжо ён яе ніколі
Ўжо ня хоча бачыць болей?
А бажыўся з усёй сілы,
Што йшчэ вернецца да мілай,
 
Прынясе здароўе, шчасьце
I ня дасьць ён ёй прапасьці,
Потым разам удваёчку
Скінуць з думак, з сэрца ночку.
 
– Ах, вяртайся, мой саколе!
Паратуй мяне ў нядолі,
Ўсьцеражы сваю каліну,
Каб ня легла ў дамавіну!
 
Так адзін сышоў дзень зь сьвету
I другі мінуў за гэтым,
Маладая ўсё йшчэ жыва,
Аж суседзям неяк дзіва!
 
Ўжо грабар – сусед замежны –
Дол ёй выкапаў належны,
I дамоўка ўжо гатова,
I кашуля... адным словам!
 
А на трэйці дзень навіна:
Той прыехаў да дзяўчыны,
Каго так чакала дбала...
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Маладая ачуняла.
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.