РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Рабіў наіў,
Парыў
Музей фігур васковых?
Я свой даўно стварыў,
Як з гурб,
Зь фігур вясковых
Музэй,
Каб рэй вялі,
Касілі,
Храп'е секлі
Сяўцы і кавалі –
Стахваны,
Зосі,
Тэклі.
 
Да іх у час цяжкі
Сьпяшаю за парадай.
Гады,
Як пастушкі,
Начуюць за барамі.
 
Як да суседзяў,
Зноў
Да іх іду ў пазыкі
За вугалькамі слоў,
Самотна-безьязыкі.
 
Далоні апячэ,
Каб высьветліць наўкольле,
Нячутае яшчэ,
Нязгаснае ніколі.
 
Іскрынкі, што кастра,
Пяршаць вятрам у горле.
Ля крэўнага кастра
I дым цяплом агорне.
 
Хай неба не ўздае
За воблік
Маткі Боскай,
Што бачу так яе,
Як маму ў лузе,
Босай.
 
Расьце раса ў траве,
Сасна плыве да кручы.
Са мной
Музэй жыве,
А зь ім і я – жывучы.
 
Забытая радня,
Мае сябры, суседзі
Не ў невядомым недзе –
Усе ўва мне
Штодня.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.