РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра ашыйнік
Як не на ўвесь раён
Шчанюк быў спрытны змалку:
Лавіў у лёце ён,
Валок на бераг палку.
 
Умеў гаспадару
У час паднесьці тапкі,
Узьняць свае ўгару
Усе чатыры лапкі.
 
Брахаць на продкаў грэх,
Што моцы не дадалі:
Шчанюк меў гэткі брэх –
Аж якаталі далі.
 
А іклы, як цьвікі.
Не дараваў нязгоду –
Любыя кумпякі
Нашпігаваць мог з ходу.
 
Дрыжыце, бараны,
Звыкайце да парадку!
Ашыйнік скураны
Ён выслужыў спачатку.
 
За пільны яшчэ нюх
Меў не адну падзяку.
Рос на вачох шчанюк
I вырас у сабаку.
 
Спасьцігшы ўсе азы
Ў пакоях і на дачах,
Стаў забіраць прызы
На выстаўках сабачых.
 
На шыю мэдалі
За выжласьць і адвагу
Ускокваць пачалі,
Як блохі на дварнягу.
 
На кім вастрыць клыкі?
Хвост закруціць – ня ў гонар.
Ня возьмуць выжлякі
Сьлед ад заслуг ягоных!
 
Ні шыю пакасіць.
Хоць вый ваўком у яме.
Ні гаўкнуць, ні ўкусіць –
Ашыйнік з мэдалямі!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.