РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ода дзьвярынам
Бортам зьвяглівым былі
Пасьляваеннай «палутаркі».
Але да завес пасваталіся
З вушака здаравілы-крукі.
Былі ім пасьля мацюгоў
Нязвычнымі мірныя гутаркі,
Лязгат звычайнай клямкі
I дотык малечай рукі.
 
Іх шаравалі гальнём –
Ад фарбы адмыць стараліся.
Ім у далонь уеліся
Пісягі ад абцасаў, мазут.
Першыя хрыпла здароўкаліся
Дзьвярыны з сонцам штораніцы.
Перад сном іх зь сябе выводзіў
Хвастом сваім кот-страхапуд.
 
Было, і прыкладам білі,
I ў завіруху грукаліся.
Я іх заклінаў,
Каб дрыжэлі,
Як грукнецца бацька дамоў.
Яны намярзалі і стылі,
Нам цёпла было перад грубкай,
Грэў нас яшчэ рэпрадуктар
Патэтыкаю прамоў.
 
Маліў, каб штогод дзьвярыны
Здымаліся перад Калядамі.
Сьвяшчэннадзейства тварылі –
Аж кот забываў на мышэй.
На іх парсюка смалілі
Паяльнай лямпай кудлатаю.
Патэльня чакала скваркі.
Рабілася харашэй.
 
Ад злосьці аж склыгаталі,
Ад жалю балюча енчылі,
Ад абурэньня грукалі,
Адводзілі ў цішы душу.
 
Брама ў сьвятло і ў сьвет,
Дзьвярыны пасьляваенныя,
Апошні раз зачыніцца
Не сьпяшайце за мной –
Прашу.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.