РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Мне дома цяжка заснуць,
Пакуль ува мне засынаюць
Неба, ад жаўранкаў ажаўранелае,
Што для мяне іх раней разбудзіла;
Нечапаныя вішні ў цьвеце,
Якім нецярпіцца зірнуць у студню;
Дзьмухаўцы-жаўтароцікі,
Ад вугольчыкаў пчолаў пякучыя;
Рэчка, дзе плёхае пранікам плотка,
Мыючы дзецям сваім кашулі;
Луг, дзе трава раскашуецца,
Як маладая чупрына мая даўно;
Мятлік гарачы, які раскрывае крылы,
Правяраючы недаверліва, ці ягоныя;
Лугавіна, што ператрасае пярыны зь зімы, –
Аж завейна ад цёплага пер'я кнігавак;
I, вядома ж, абавязковы бусел –
Ён па традыцыі даўняй
Мусіць мой сон пераксьціць,
Як некалі гэта рабіла мама,
А цяпер яе дома няма.
Я чакаю, пакуль яны ўсе заснуць,
А пасьля іх прашу, заклінаю ласкай:
Сноў маіх не мінаць анідзе –
Зь імі ўсюдых я дома буду...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.