РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Дрэвы за душой ня носяць злосьці.
Мы на іх зь сякераю, зь пілой.
А яны прытуляць на пагосьце,
Плачучы па нас жывой смалой.
 
Мы іх папялілі, карчавалі,
Ворыву пакінуўшы прастор,
А яны за намі качавалі,
Не ўшчувалі, тоячы дакор.
 
Дол умураваўшы камянямі,
Дошкамі трывала ўслаўшы дно,
Мы да дрэў адносіны мянялі,
Мы іх запрашалі пад акно.
 
Ды, перасяленцы, зь недаверам
Дрэвы чулі шум свайго гальля,
Як ні называлі
Паркам, скверам
Іхнія калёніі пасьля.
 
Хаты, што і з краю
I зь бярвеньня,
Цьвёрда высылаюць гарады
На былыя мейсцы пасяленьня,
Дзе шумелі дрэвамі,
Туды.
 
Слыху не стае густога сьпеву,
Воку –
З пальцаў плота гладыша.
Як сабе,
З гадамі верыць дрэву
Неадзервянелая душа.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.