РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
400
А над сном матулі асака.     
#А. Пысін

 
На вечны твой гарод
За плот глухі, жалезны
Паслы тваіх турбот
Няпрошана залезьлі:
Асот і крапіва,
Трыпутнік і макрыца,
Сівая галава –
Рамон сьвятлом іскрыцца.   
 
I плача, змогшы тлен
Загону ўсёўладаркі,
Сьлязьмі сухімі кмен
З забытай гаспадаркі.
 
Саміх нябёс ганцы,
У памяць гаспадыні
Набожныя званцы
Прынесьлі смутак сіні.
Дзядоўнік падысьці
Наважыўся з зароўя.
Усё як у жыцьці –
Пяшчотна і сурова.
Сярпом і секачом,
Матыкаю крывою
Дзе зь песьняй,
Дзе з плачом
Ты білася з травою,
Старалася штодня.
А я чапаць баюся:
Зялёная радня –
Яна ў адным хаўрусе.
Стаў аблачынкай дым
З жыцьцёвага надзела.
Зайздросьцячы жывым,
Трава пазелянела.
 
Узгорак у мальбе,
Ў яго таксама сёньня,
Як некалі ў цябе,
Зялёныя далоні...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.