РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каўчэг
Жыла чаканьнем летняга цяпла,
Была для ўсіх
Прыветлівым начлегам.
З вайны,
З патопу попелу ўсплыла
Хаціна наша
Ноевым каўчэгам.
Каўчэг хістаўся часам ад вятроў.
Азяблых нас ад голаду вадзіла.
Да лесу, дзе шумела столькі дроў,
Было далей, чым да якога дзіва.
За печкай ціха грэлася цяля,
Вялікадне
Кудахтала ў падпечку.
Агонь, што закліналі з вугаля,
Надзею цепліў
Хліпкую, як сьвечку.
Жылі ў каўчэгу
Дым і дамавік,
Галодны кот
I адпаведна мышы.
Ступаў мароз –
Лянотны ламавік –
Па бруку так,
Што чуў яго Ўсявышні.
У шыбіне ані прахукаць тхло.
I пара ледзянела на дзьвярыне.
Нячысьцік выў –
I ў коміне гуло.
I пары
Кожнай не было тварыне.
Ня голуб –
Іх зьвяла блакада ўсіх –
З аліўкавай галінкай,
А варона
Апавясьціла, што патоп аціх.
Ад крапівы
Цьвіло ў вачох зялёна...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.