РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Піліп
Прасілі талакою:
– Піліпе, шавяліся,
Сыграй ты нам такое,
Каб грошы завяліся!
 
Нібыта з ганарлівай
Залёткай чубіў спрэчку,
З суседкай гаварыў ён,
А голас слаў за рэчку:
 
– Цераз рэчку жэрдачка,
На тым баку сэрдачка.
Клічу-клічу,
Ня чуіць,
Няхай з Богам начуіць!..
 
Ня спаў у футарале
Смык у яго ніколі.
Шляхцянкі-хутаранкі
Ня спалі ў навакольлі.
 
I ў смаляной кабылкі
Ён мог дабіцца згоды.
Памылкі,
Як абмылкі,
Змывалі часу воды.
 
Красунь у лес ад плётак
Вёў сьмелы смык Піліпаў.
З гнязда ня раз
Падлётак
Ягонай долі выпаў.
 
Нагамі чуў Эўропу,
Піліп ішоў з палону
Да маладога кропу,
Да ўшацкага булёну.
 
I зноў іграў вясельлі,
Вірыў-юрыў ігрышчы.
Як гусі, палі-селі
Сьнягі гадоў на ржышча
Жыцьцёвага загону,
Дзе ўсмак пасмычыў гора.
А спрыт ляцеў з адхону,
А стома лезла ўгору.
 
Бо скрыпка пасумуе
Ня доўга, для парадку,
Дый пра сябе самую
Загадвае загадку:
 
– Авохці мне,
Пяць на мне,
Шосты строчыць.
Што ж ён хочаць?
 
А клопаты паслугай
Яго не абміналі.
Хадзіў па лузе з пугай
I ў небе камінарыў.
 
Ішлі паволі з поля
Зьвяздоні ды Букеткі.
Давалі скрусе волю
Сьсівелыя суседкі.
 
На ўзьлеску адшкадуе
Ялінку маладую –
I комін граў трубою,
Вітаў зіму журбою.
 
Чаму я пра Піліпа,
Веселуна з пасёлка,
Успомніў?
Смутак-клыпа
Ідзе здалёку золка.
 
Завея загалосіць
У незабытым краі,
Здаецца, сьпеў узносіць –
Піліп на скрыпцы грае...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.