РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здарэньне
Ехаў я раз ад Кіяны
Ды ў Смургоні, і ня п’яны,
I даехаў на Ваўкелы,
А конь добры быў – мой белы.
Тыц! Стаў конь, наравіцца!
I храпець і дыба стаў,
Што ня можна прыступіцца,
Чуць аглоблі не зламаў.
Гляджу: бочка ля дарогі.
Чыста ж бочка, толькі рогі
Як бы трохі відаць збоку.
Думка: вёз хтось, ды здалёку.
Як прыстала, дык, скаціўшы,
Сам начуе гдзесь у вёсцы.
Або, можа, быў падпіўшы,
Страціў бочку пры дарожцы!
А што ў бочцы? хто там ведаў?
Можа, брага, можа, водка!..
А я ж той дзень не абедаў, –
Вот каб, думаю, сялёдка?!
Або каб алей Бог даў бы,
Ўжо ж не сьцярпеў бы, украў бы!
Ото ж, думаю, закрашу!
Надта я люблю зь ім кашу.
Падышоў да бочкі, зрухаў,
Калі адаткнуў, панюхаў,
Аж з радасьці страпянуўся,
На ўсе бокі аглянуўся!
Ну, сьвяжусенькім алеем
Смак пачуў па губе, носе!..
Хоць ня быў яшчэ зладзеем,
Але ж тут дык давялося.
Так ужо я чагось рад,
Падвярнуў свой панарад,
За уторы падняў бочку,
Абпёр яе на лучочку...
А конь смык – падаўся ўперад.
А бадай табе тут верад!
Падкаціў я бочку зноў
I якраз ужо навёў,
А конь смык – назад, ды тоўк!
А бадай цябе тут воўк!
Я ізноў давай каці...
Здумаў – лепей распрагці.
Ўзяў каня, як сьлед распрог,
Зірк – аж конь мой і бяз ног.
Конь ня конь, а зыдлям стаў;
Я спалохаўсь, пражагнаў...
Дык зноў конь і сам запрогся,
Я спалохаўся і змогся,
Скінуў опратку, перажагнаўся,
Зноў-тыкі за бочку ўзяўся.
А так цёмна – хоць коль вочка.
Калі гляну: то ж ня бочка,
А каза стаіць з рагамі!
Хвост, бародка і з нагамі...
Аж тут пятух калі крыкне,
Каза ў лужу калі скікне,
Калі ў лесе зарагоча,
Конь дахаты калі скоча...
Вот тут я і дагадаўся,
Каму ў рукі-то папаўся.
Давай казаць: «Анёл паньскі,
Згінь, прападні, дух шатаньскі!»
I цяпер, як хто сьмяецца, –
Мне усё каза здаецца.
З таго часу да алею
Я ня мог душу прымусіць,
Адвярнула, дабрадзею,
Так-то чорт нас, грэшных, кусіць!
Каб ня крыж, – прапаў бы, мусіць?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.