РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Беларусь на крыжы
А стараліся дружна і свой і чужы
На здранцьвелым, на востракутым
Небу роўную маці расьпяць на крыжы
I аддаць Беларусь пакутам.
 
У старэйшых хацелі хадзіць браты,
Выракаліся быць крывічамі.
I суседзі сьціскалі ў злосьці раты,
Усьміхаліся толькі мячамі.
 
Войны ўсе, бойні ўсе, зрухі ўсе
Беларусь аддавалі катам.
Зноў касе зіхцець у крывавай расе.
Адкляпаў яе ўвішны атам.
 
Сваякі сатаны гандлявалі душой,
Беларусь расьпіналі вякамі,
Прабівалі далоні, што пахлі дзяжой,
Не цьвікамі,
А мерцьвякамі.
 
Усявышні,
Хоць крошак зор накрышы,
Разгавей беларусу вячэру.
Згінь, крумкач, не кружы,
Беларусь на крыжы
Уваскрэсьне ў пакутах за веру.
 
Як ня выдасьць Бог,
Не зьядуць вепрукі.
Толькі вернік надзеяй дужы.
 
Крошкі зор зьбяруць у Бога з рукі
Выраі –
Беларусаў душы.
 
Як там ні варажы,
Што там ні кажы,
Пазьдзіралі з храмаў крыжы
Вылучэнцы, выжлы, віжы.
I самой апраметнай заложнікі,
Цьвеляць д'ябла сп'яна бязбожнікі:
I вясельле ў нас,
I ігрышча ў нас,
Хаваемся мы ў салому,
Няхай ішчуць нас.
 
I ў саломе, як зерне,
Знойдуць іх,
Бог сваіх,
Чорт сваіх...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.