Ой, калючы ялавец, – Ягадкі салодкі. Ой, харошы ж маладзец, Дык няма малодкі. Адгукніся ты на лес, Ці хто не пакліча; У свае парткі ня ўлез, Можа, хто пазыча. Будзем сватаць, што такі, Што няма у сьвеце: Да работы без рукі, А рад спаць у леце. Што ні возьме, зробе так, Што сьвет надзівіцца: Кіем косе, гарэць так, Што ў латах прасьпіцца. Ой то хлопец! у карчме Першы ён на лаве; Першы зваду з тым пачне, Хто яму ня ставе. У касьцёле на рок раз, I то серад ночы: Не прывыкшы, як у вас, Лезьці Богу ў вочы. А харошы, дык які!.. Толькі што бяз носу: Адкусілі нос ваўкі, Дык ня мае лёсу. А багаты, дык на што: Пазычыў карончык, Як пазыча яшчэ сто, То будзе чырвончык. А разумны ж, дык як той, Што ляжыць у ломе, Смокча лапу да сьвятой На пячы у доме. Нуце, дзеўкі, да яго, Як мухі да мёду: Будзе муж хоць для каго З добрага заводу. Ласа есьці, смагла піць Ня будзе адказу, А па шлюбе жонку біць Дык зачне адразу.
|
|