РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яблыня

Сяргею Навумчыку

 
На нажах скразьнякоў азяблая,
Змоўклая ў крывавай расе,
Беларусь –
Адзічэлая яблыня,
Хто ні едзе – цябе трасе.
 
Карані твае лезуць зь пекла ўсе,
Чужакі паламалі сукі.
У куродыме завязь сьпеклася,
Долу валяцца гарчакі.
 
Сад славяншчыны здрадай збэшчаны,
Што ні ствол – скалелы шкілет.
Ад Смаленшчыны аж да Брэстчыны
Цьвет ляціць
На капытны сьлед.
 
Болем
Карта кары палаплена.
Час тваіх не шкадуе меж.
Беларусь –
Незасохлая яблыня,
У атожылках ці адрасьцеш?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.