РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прывыкаю
Яна прыліпла да ўспаміна
(I ўжо здаецца залатою),
Як колісь да падэшвы
Гліна,
Расчуленая ўшчэнт слатою.
 
Густой начы глухая сажа
Чарнелася і нелюдзела.
Мяне тады чакала Саша
З ушацкага райфінаддзела.
 
На ўзгорку,
Што насупраць пошты,
Ля хаты гліны да адвалу.
Пра хату ўспомніў я навошта?
Ды Саша там кватаравала!
 
Там гліну я мясіў сярдзіта
I ў хісткай цемры марыў хістка.
I цалавала ў лік крэдыту
Мяне ля хаты фінансістка.
 
Няраз пасьля гаршкі на гліну
Мяняў,
Стаяў над чарапкамі.
Цяпер гляджу ўспаміну ў сьпіну,
Да дзён мінулых прывыкаю.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.