РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сватаная
Ото дзеўка, ото хват!
Што на ўсе тут вёскі:
Хоць павесь на добры лад,
Дык шкода бярозкі.
 
      Як вынесе хусты праць, –
      Вада усе змые,
      А як выйдзе ў поле жаць,
      Дык плача, аж вые.
 
Нажне жменю або дзьве –
Зусім абамлее,
Зажон рукі разадзьме,
I вецер падвее.
 
      А як поле! Чыста так,
      Што толькі на дзіва!
      Як угледзе гдзе бурак,
      То кажа – крапіва!
 
Не карову, а  быка
Усё даіць хоча,
А як няма малака,
Дык яна рагоча!
 
      «Няхай жа іх, – кажа, – воўк
      Гэтыя цялушкі!
      Я у вымя тоўк ды тоўк,
      Вымя, як падушкі.
 
Хоць бы каплю хоць далі,
А то – ані капкі;
Мусіць, ведзьмы заклялі!
Пабягу да бабкі...»
 
      Каб ёй есьці не варыць,
      Дык печы ня топе,
      А так будзе носам рыць,
      Есьці, што ухопе.
 
А як ставе гаршкі ў печ –
З носу цякуць саплі;
Як вымае гаршкі прэч,
Дык стравы ні каплі.
 
      А што прасьці, так прадзе –
      Бурчыць калаўротак.
      Бунцік лёну так зьвядзе,
      Што ня выйдзе мотак.
 
Адна талька у хамут
Ледзьве пераскоча,
А абрыўкаў цэлы жмут
За печ завалоча.
 
      Як паставе кросны ткаць,
      Дык аж на Якуба.
      А тут пара ужо жаць, –
      Вот наткала – люба!
 
А танцуе добра так,
Як цялё з гілёса.
Парвець чыста андарак
I лапці да боса.
 
      А пяець так, як сава
      Зайца выклікае:
      Аж трасецца галава –
      Так яна гукае!
 
Ходзе, як чорт у смале,
Хоць ты адвярніся:
У апратцы на пале
Чэрві завяліся.
 
      А багацтва поўны мех,
      Завязаны жычкай;
      Не сьмейцеся, то ня сьмех,
      Там дзіця з калыскай.
 
Нуце, хлопцы, я вам сват:
Яна маладая, –
Толькі цяпер посьля сьвят
Акрайкі скідае.
 
      А хто возьме – будзе рад
      I не параўнуе;
      Будзе дзела рабіць шмат,
      Усё дапільнуе.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.