РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вішшо
Я на бярэзіне вішу.
– Шумі, шумі, –
Шапчу вішшу –
Гнуткаму, прудкаму,
Увішнаму гольлю.
У бярэзіны
Зялёныя хрэсьбіны.
А зімой
Ёй самой
Стаяць у вакольлі
Гольлю,
Так бялець,
Што аж сьнегу будзе балець.
Бо сустрэне зіма
Небам, зольлю.
А пакуль няма
Вятроў-завейнікаў,
Што перапаўзуць мяжу,
Зь вішша навяжу
Бухматых венікаў.
Венік схвошчацца,
Зробіцца гальнем.
 
Заскача сьмех па дошчачцы:
– З агнём гульнём, –
Прапануе печы
Вымесьці под.
Певень па-хлапечы
Ускочыць на плот,
Аж коміну-недарэку
Захочацца зацягауць
Дымнае ку-ка-рэ-ку.
– Ой, белая бярэзіна,
Баліць мая сярэдзіна, –
Пажаліцца зь песьні жняя.
– Я ж ня я,
Я ж ня я, –
Бярэзіна песьні адкажа.
Белае чорным
Зробіць сажа.
У белай бярэзіны
Зябкія пярэзімы...
б'ецца ў берагі...
 
I рака не ўвайшла была ў берагі,
I ўвайшла маладзіца ў раку.
За плячыма ў хустцы сынок,
Хваля як не пад сэрца,
I ў хустцы рагі
Разьвязала сама няўзнаку,
I сынок на дно,
Як сярпок.
 
I песьню да ракі
Прыгналі чужакі,
А песьня жаліцца,
А песьня кволіцца,
А словы джаляцца,
А словы колюцца:
Ой ты, ціхенькі Дунай,
Паціхусеньку гуляй.
Там удоўка хадзіла,
Пару сынкоў радзіла.
У карабель усадзіла.
У ціхі Дунай пусьціла.
Ой ты, ціхенькі Дунай,
Калыхай маіх дзяцей.
Нікне плыні паясочак,
Песьня просіць ласкавей:
Ох ты, жоўценькі пясочак,
Накармі маіх дзяцей.
Песьня хоча, каб пачулі,
Песьня жаліцца часьцей:
Ах ты, шэрая зязюля,
Забаўляй маіх дзяцей.
Коціцца з вачэй сьляза,
Зябнуць росы на гальлі:
Ох ты, ніцая лаза,
Вочы дзецям не калі...
 
Потым, як блакада прайшла
I прыйшла цішыня ў сяло,
Маладзіца ішла да ракі,
I само, без чаўна і вясла,
Безь яе яе гора плыло.
I гукалі сябрука хлапчукі.
Зноўку песьня, як залоўка,
Не сьціхала папікаць:
Цераз колькі год удоўка
Пайшла ў Дунай ваду браць.
Удовачка ваду браць,
Карабельчык падплываць.
А ў тым караблі
Два малойчыкі былі.
Стала ўдоўка і стаіць,
На малойчыкаў глядзіць.
 
Песьня, ўскалыхні жуду,
Казытні душу вірам.
За аднаго сама йду,
За другога – дачку дам.
I жудою лютаю
Чорны вір усьпенены.
Ох, дзе ж гэта чутана,
Каб брат зь сястрой жэнены.
Каб родную маці
За жонку сыну браці.
Ідзі, сястра, ў зялён луг.
Будзе табе мілы друг.
Ідзі, мамка, ў цёмны лес,
Няхай цябе хоць зьвер зьесь!
 
Усьмешка ўшацкай вады
Не чакала бяды,
Ды пайшла ў вякі
Нацянькі
У чорнай хусьціне.
Ад страху
Вада ня стыне.
Каняю тугі
Б'ецца ў берагі...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.