РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Псальмы Давідавы
* * *

 
Я выйшаў насустрач чужынцу,
і ён пракляў мяне ідаламі сваімі.
Псальм 150:6

 
Чужыя ідалы халодныя –
Аж сьцюжаю душу скрабе.
Чужыя ідалы галодныя –
Усё ядуць як не ў сябе.
 
Чужыя ідалы ядвабныя,
Дзе ў вабнасьці стаіўся яд.
Чужыя ідалы, як вапнаю,
Пабеляць здрадай шэры сад.
 
На гонях родных
Рунь рунейшая.
Свой страх тужэй ратугу ўе.
Хай у радне,
Таму й раднейшыя
Бываюць ідалы свае...
 

* * *

 
Усюды ходзяць бязбожныя, калі
нікчэмнасьць з сыноў чалавечых узвысілася.
Псальм 11:9

 
На ўсё стае бязбожных,
Бо яны
Жывуць, каб толькі
Жыць валадарамі,
І д’яблавымі цешыцца дарамі,
Пакуль у пугу вераць табуны.
 
На ўсё стае бязбожных,
Бо яны
Стараюцца сябе зрабіць багамі.
І ў Божым храме
Хам крычыць у хаме,
Павагу й зайздрасьць
Мае да маны.
 
На ўсё стае бязбожных,
Бо бязь іх,
Відаць, было б і небу сумнавата.
І ціхі кат за брата лічыць ката.
І вечны грэх
На ўсё глядзіць, як мніх.
 
На ўсё стае бязбожных,
Бо празь іх
Нікчэмнасьць узвышаецца пыхліва.
І пустазеліцца людская ніва,
А не ўцячы ёй
Ад сярпоў тупых.
 

* * *

 
Вусны ўзносяць да неба – а іхны
язык па зямлі валачэцца.
Псальм 72:9

 
У вуснаў ёсьць дамова зь языком.
Пра гэта змоўчыць цішыня нямая.
Язык трымацца мусіць пад замком,
А неспасьціжны ключ душа трымае.
 
Бо вусны – вусьце думкі,
Што сама
На выйсьце просіць у душы дазволу.
На думку кратаў і замкоў няма.
Бянтэжыць думка ерась і крамолу.
 
Душа – гняздоўе
Прыцемку й сьвятла.
Хто ўзважыць,
Што ў душы пераважае?
Ня раз палону тлен перажыла
Душа.
Яна й твая табе чужая.
 
Часовыя,
Ня ведаем, калі
Душа пакіне нас,
Як думка высі.
Але язык ня вінен па зямлі,
Як пуга пастухова, валачыся...
 

* * *

 
Бо не ад усходу і не ад захаду
і не ад пустыні ўзвышэньне...
Псальм 74:7

 
Не ўзвышэньне сябе самога,
А ўзвышэньне з самога сябе –
Непадсільная перамога
У няскончанай барацьбе.
 
Не ў дагоду
Сьцежка з усходу,
А ў халодную ноч вядзе.
Захад захады робіць,
Выгоду
Выглядае сабе кагадзе.
 
І сьпякотны вецер з пустыні
Не асушыць сьлёзы з вачэй.
Дол нагрэецца ды астыне.
Разбаліцца боль балючэй.
 
Над забытасьцю, над імшою,
Над прадоньнем цёмнай маны,
Над спустыненаю душою
Мусіць голас узвысіць
Нямы.
 
Мелкія ў суцяшэньня кішэні,
Хто ня клаў у іх, той дастае.
Узвышаймася.
Бо на ўзвышэньне
Вышыні ў нябёсаў стае!
 

* * *

 
Я зрабіўся як сыч у руінах...
Псальм 101:7

 
Руйнуе нявечнае час –
Усё, што з граніту ці з гліны.
Руйнуе сівыя руіны,
Трымае нібы напаказ.
 
І людзі,
І птушкі, й зьвяры –
Жывыя руіны руінаў.
Пакінуў іх Бог для ўспамінаў
Пра страчаны рай да пары.
Высока сябе несучы,
Сплываюць вякі ды аблокі.
І страх,
Быццам сыч вірлавокі,
Турбуе руіны начы.
 

* * *

 
Сонца ведае свой захад.
Псальм 103:19

 
Дні на зямлі твае
Як дзень адзін.
Калі ён скончыцца –
Ніхто ня скажа.
Ты зьнікнеш –
Не заўважыцца прапажа.
Рацэ няўцям,
Як шмат растала льдзін.
 
Твой цень апошні
Цемра ахіне.
І ўжо не зразумееш,
Дзе ты, хто ты,
І ад цябе ў маўклівай старане
Адступяцца надзённыя турботы.
 
Пакуль твой дзень,
Старайся ўсё пасьпець,
Бо дарабляць ня вернешся,
Магчыма.
Пакуль заход
Яшчэ ня хоча цьмець,
Кон пазірае добрымі вачыма.
 
І сонца –
Служка боскай мілаты –
Стараецца шчырэй
Разьліць лагоду.
Яно свой захад ведае,
А ты
Ня ведаеш ні захаду, ні ўсходу.
 

* * *

 
Каб пачуць стогны вязьняў...
Псальм 101:21

 
Вязьні – як вузялкі
На вяроўцы пакуты.
Не парвецца ў ратужнай вяроўкі
Цярпеньне.
Будуць небам
Нявінныя стогны пачуты.
Душы праведных
Знойдуць сьцяжыну збавеньня.
 
Шыю катаву,
Як маладая каханка,
Абаўе непаслабна
Вяроўка старая.
Стануць цені ахвяраў
Ля вечнага ганка.
Хто нявінных гняце,
Тога Бог пакарае.
 
Стогны вязьняў
Да сэрца прымае цямніца.
Ды ў няволі каменнай
Каменная воля.
Стогну вязьняў
І здрада, і ўлада баіцца.
Ў нетутэйшага дрэва
Згінаецца гольле.
 

* * *

 
Ці на неба ўзыду – Ты там;
ці сыду ў апраметную – і там Ты.
Псальм 138:8

 
Ты са мною
І ў радасьці, і ў бядзе,
І ў сумятнi віратлівай,
І ў цярплівай маркоце.
Тваё павадырства
Па сьвеце вядзе,
Ты крыльле, як ластаўцы,
Даеш душы на адлёце.
Ты са мной,
Каб не быў я ў самоце нідзе.
Ласка Твая маладая
Ад зьнянацкай надзеі.
Кара Твая відушчая ведае,
Дзе
Жыве дабрыня,
Дзе ліха лішаць ліхадзеі.
 
Я да скону ў палоне Тваім,
І пасьля
Папрашуся застацца
У вечным палоне душою.
 
Я з Табою,
Пакуль мяне носіць зямля.
І калі перастану быць,
Застануся з Табою.
 

* * *

 
Праўда пойдзе перад Ім,
і на дарогу паставіць свае ступакі.
Псальм 84:14

 
Праўда ўперадзе
Не павадыркаю ходзіць.
На дарогу стаўляе свае ступакі,
Па якой перад ёю ступалі вякі.
Праўда тое, што неба схавала,
Знаходзіць.
 
Хоць з наўпростай дарогі
Сьмяецца крывая,
Праўда ходзіць
Наўпростай дарогай здаўна.
Як і мы,
Праўда ходзіць пад Богам,
Яна,
Як і мы за яе,
За нясхібнасьць трывае.
 
Праўда йдзе па зямлі,
Дзе сумёціцца сьмецьце,
Дзе за ёй неадступна
Цікуе мана.
Не прывыкла сябе
Вінаваціць віна.
Верыць ноч,
Што яе апраўдае дасьвецьце.
 

* * *

 
Хто з плачу нясе насеньне,
вернецца з радасьцю,
несучы снапы свае.
Псальм 125:6

 
Зерне плачу рунее,
Каб сьпела
Зазьвінець сьмелаю збажыной.
Толькі тое,
Што доўга зімела,
Не нацешыцца доўга вясной.
 
І на памяці поля снапамі
Засьмяецца ўраджай,
Як багач.
Покуль густа сьнягі не напалі,
Сьлед вятроў даганяціме плач.
 
І савецьме дакука савою,
Што аблётала гнёзды ня ўсе.
Маладзіцаю перад сабою
Радасьць
Лёгка снапы панясе.
 

* * *

 
Узнаві нас, Божа ратунку нашага,
і спыні абурэньне Сваё намі.
Псальм 84:5

 
Усынаві наноў
Блудных Сваіх сыноў,
Узнаві нас, спыні
Сваё абурэньне намі
І вярні тыя дні
Нам і нашай зямлі,
Калі
Мы сабою былі.
 
Мы зарасьлі
Лясамі хлусьні.
Пачуй нас і пакарчуй
Пакоры нашае пні.
Схілі спагады аблокі
І нашыя крокі
Да прорвы спыні.
 
Аслані
Даланёй дабрыні,
Абарані
Нашыя карані,
Ахіні
Плашчом вышыні.
 
Хай спрахне наш страх,
Хай затоне ў вірах
Палон і праклён чужы.
Зьняверлівых
Ад нас адмяжуй.
Памяркоўнасьць нашую
На крыжы
Укрыжуй!
 

* * *

 
Нахілі, Госпадзе, вуха Сваё,
і пачуй мяне...
Псальм 85:1

 
Дзякую, Ўсявышні, Табе
За кожную лішнюю хвілю,
За кожную зморшчыну на ілбе,
За сілу й за бясьсільле,
За дзірван і за аральлю,
За пустку й за пушчу,
За тую зямлю,
Дзе люблю й не люблю,
І дзе я вочы заплюшчу.
Дзякую за цемру й сьвятло,
За маміны вочы,
За ўсё, што было
І што не было,
Дзякую, Ойча...
 

* * *

 
Ты паставіў зямлю
на цьвёрдых асновах...
Безданьню, як вопраткаю,
накрыў Ты яе...
Псальм 103:5–6

 
Зімой завірухі ідуць у попрадкі,
Матаюць ніткі дажджу
Навальніцы,
Каб толькі ты
Не была бяз вопраткі,
Каб не згарэць табе
І не застудзіцца.
Якімі ткачамі бездань сатканая,
Пашыта краўцамі якімі?
Ахінала цябе ахінае з пашанаю,
Покуль трывогу час не пакіне.
Цябе –
Пылінку няіснасьці кволую –
З далані свае ня зьдзьмухне
Магута.
Бясконцасьць цябе спавівала
Голую.
Вырасьцеш –
Будзеш калісьці пачута.
 

* * *

 
Ісьціна ўзьнікне зь зямлі, і праўда
прыхіліцца зь неба...
Псальм 84:12

 
Не на тушчай –
На нашчай зямлі
Так, як асака разучая,
Ісьціна –
Парабчанка разутая –
Галаруч нясе вугалі.
Зоркамі вугалі былі,
Ды зрабіліся зоркі
Зьнічкамі.
Буры
Дрэва жыцьця ня зьнішчылі.
Задрамаў туман у быльлі.
З вугалёў выдзімаць сьвятло –
Гэта ўмецтва
Зямное й нябеснае.
У міжзор’і
Праўда ў журбе снуе,
Хмарачы небасхілу чало.
Праўда да зямлі прыпадзе,
Бо на хмары не абаперціся,
Ісьціне і пра сьмерці ўсе,
І пра жыцьці распавядзе.
 

* * *

 
На горах воды стаяць.
Псальм 103:6

 
Зацякаюць ногі ў вады.
Знадакучыць стаяць на стромах,
І тады,
Ашукаўшы брады,
Расьцячэцца па сьцежках знаёмых.
І паверыць вада вадзе,
Выбегшы
З-пад крыса аблокаў,
І сябе павядзе,
Дападзе
Да таемных сваіх вытокаў.
 
Там,
Дзе небава стома стаіць,
Вечны позірк паставіў воды.
Горам
Смутак свой не стаіць,
Горам
Гоіцца боль лагоды.
 

* * *

 
Няхай прынясуць горы мір людзям
і пагоркі праўду...
Псальм 71:3

 
Горы ўгарбелі, мір несучы,
Праўдзе пагоркі падставілі сьпіну.
Людзі чакаюць лепшай пары.
Гоняць плыты прамянёў асначы,
Ім ні супыну няма,
Ні спачыну,
У асначы падаліся вятры.
 
Несці нялёгка
Праўду і мір.
Горамі вырасьці мараць
Пагоркі.
Як жа пагоркам
З маленства ўцячы?
Аж закіпае ад зайздрасьці вір,
Робіцца ветах ад рэўнасьці
Горкі.
Людзі й ня думаюць дапамагчы.
 

* * *

 
Хай у далоні пляскаюць рэкі...
Псальм 97:8

 
На даланях у рэкаў
Няма віны,
Рэкі нічога нікому ня вінны.
На даланях у рэкаў чаўны,
На даланях у чаўноў
Дамавіны.
Дамавіны ў далонях
Няволяць час,
У рэкаў з далоняў
Сплываюць аблокі.
З далоняў поймаў,
Адбыўшы папас,
Узьлятае смутак глыбокі.
І калі ганец прынясе
Дасьвецьцю радасныя навіны,
У далоні пляскаць усе
Будуць
Не таму, што павінны.
 

* * *

 
Няўжо ня ўрымсьцяцца беззаконьнікі,
якія народ мой ядуць, быццам хлеб?
Псальм 13:4

 
Прыхадні разяваюць галодны рот,
Раскашуецца распуста й песта.
Як жытні хлеб,
Усе ядуць мой народ,
А ў дзяжы падыходзіць
Вясёлае цеста.
 
І зь цеста пячэцца трывалы хлеб,
Якому на абрусах вельмавацца.
Снапы малоціць чужацкі цэп.
Хлеб спажывае халодная праца.
 
Ды чужакоў аднойчы зьмяце
Вецер цярпеньня маўклівы,
Бо дужы.
І ўзыдзе
Наш каравай на куце,
Асьвеціць сасьмяглыя нашыя душы.
 

* * *

 
Бо ў сьмерці няма пра Цябе
памятаньня: у магіле хто
Цябе славіць будзе?
Псальм 6:6

 
Слаўлю Цябе
І жыву я Табой,
Госпад,
А сьмерці гэта няміла.
Толькі ня можа
Вечны спакой
Даць мне сырая магіла.
 
Твой неспакой
Не пакіне мяне,
Ён у душы не загіне.
Твой неспакой
Цішыню прыхіне,
Жыціме ў мёртвай даліне.
 
І дамавіны глухая турма
Страхам душу не стрымае.
Будзе душа мая
Славіць сама
Госпада,
Нават нямая.
 

* * *

 
Высахла ад маркоты вока маё,
пастарэла яно праз маіх ворагаў.
Псальм 6:8

 
Бачыць далей маладое вока,
Вока старое глядзіць глыбей.
Раньняя вестка, як тая сарока,
Зь лесу хутчэй ляціць да дзьвярэй.
 
Позьняя вестка, як тая варона,
Глуха чарнее на голым суку.
Поўніцца вока старое бяссонна
Смуткам,
Як поўня на скразьняку.
 
Высахнуць цяжка воку,
Як мору.
Толькі калі высыхае яно,
Здасца прадонным
Галоднаму гору,
Ціхаму небу пакажацца дно.
 

* * *

 
Вычарпалася ў скрусе жыцьцё маё,
і леты мае ў стагнотах...
Псальм 30:11

 
Прыгоршчамі маладзіка й веташка
І даланёю поўні
Вычэрпвае дні мае скрухі рука,
Дапаўшы да апошняе схоўні.
 
Вычэрпвае,
Як з чаўна ваду,
Вычэрпвае й дно выскрабае.
Я сьледам за ценямі дзён іду.
Вярнуць іх надзея слабая.
 
Сьпяшаюцца цені,
Зьнікаюць яны,
Ня ведаючы ляноты.
І застаюцца са мною адны
Скруха мая ды стагноты.
 

* * *

 
Дзень дню перадае слова, і ноч
ночы адкрывае веды.
Псальм 18:3

 
Ноч з галавы,
А дзень жыве з вачэй.
Ноч грэшна бавіць час,
А дзень пацешна.
Ноч думае,
А дзень сабе хутчэй
Стараецца ўсё выгаварыць
Сьпешна.
 
Дзень перадаць
Наступніку свайму
Сьпяшае недамоўленае слова.
Сэнс грэецца ля зорак
І таму
На долы абніжаецца часова.
 
Як ні шапчы,
Як крычма ні крычы, –
Сэнс рэдка адгукаецца на словы.
І веды ноч перадае начы,
А ў ведаў зірк
Прыхмарана суровы.
 
Як не сьляпы,
Той зірк убачыш ты.
Калі й сьляпы,
Адчуеш зірк душою.
Відушчым зробішся ад віднаты,
І станецца сваім табе чужое.
 

* * *

 
Ненавіджу шаноўцаў
марных ідалаў...
Псальм 30:7

 
Шаноўцы марных ідалаў,
Яны
Шануюць больш сябе
Ды свой дастатак.
І гневу халастыя перуны
Абрынуць любяць
На астатні статак.
На тых,
Што не пасьпелі дапаўзьці,
Каб зь ідалавых жалабоў
Напіцца.
У масьць лыч да лыча,
Поўсьць да паўсьці.
Хвалу ўздаюць
Лявіца ды правіца.
Растануць ідалы,
Як тая мга,
І зьменяць хваласьпеў на момант
Плачы.
І ўжо да новых ідалаў чарга
Цягнуцца будзе,
Быццам хвост сабачы.
 

* * *

 
Не схавай ад мяне аблічча
Свайго...
Псальм 26:9

 
Бачу вочы Твае,
Хоць Цябе я ня бачыў ніколі.
Чую голас Твой вышні,
Хоць ніколі не чуў я Цябе.
Гэтак вязень сьляпы
Бачыць вочы забытае волі,
Гэтак чуецца голас зьнядзелены
Немай мальбе.
 
А Табою малюся,
А Табою сьмялею й баюся,
А Табою дазволены жыць,
Паміраю й жыву,
А Табой паддаюся,
А не паддаюся спакусе,
А са страхам і верай
На плаху Тваю
Я кладу галаву.
 
Чуць ды бачыць Цябе –
І зашмат, і замала.
Гэта ласка нябесная –
Слухаць Тваю цішыню.
Ты задумаў мяне
Мудра а дасканала.
Я пахібіў Твой плён,
І сябе я за гэта віню.
 

* * *

 
Калі я пайду далінай
сьмяротнага ценю...
Псальм 22:4

 
Са мной паміраціме
Цень мой жывы.
І цень мой
Нябожчыкам стане таксама.
Зачыніцца глуха нябесная брама,
Ня ўбачу ў даліне
Ні хмар, ні травы.
 
Паселіцца вечная ноч уваччу.
Сваё адхвалююся,
Адлетуценю.
У змрочнай даліне
Сьмяротнага ценю
Я зь ценем сваім разьвітацца хачу.
 
Бо цень быў
Напарнікам мне і віжом,
Сачыў, віжаваў,
Дзе б ні жыў пры сьвятле я.
У зябкай даліне
І цень мой скалее,
Ня выпырхне ні вераб’ём,
Ні стрыжом.
 
На сьцежцы стаптанай
І на ярыне
Кунежна сьлядам
І нястрымна трымценьню.
І покуль жывы, давяраюся ценю,
Бо ценіцца цень
І дрыжыць за мяне.
 

* * *

 
Яліны – пад жытло буслам...
Псальм 103:17

 
Яліны –
Зялёныя скініі,
Прыстанак прысталых крокаў.
Нябёсы на стрэхі ім скінулі
Буслоў,
Як акраўкі аблокаў.
 
Сьціхa адхінаюцца клёкатам
І цішаю клямчацца дзьверы.
Зямным і нябесным клопатам
Буслы
У ялін у даверы.
 
І позірку ўроіцца сьмелае:
Прыняўшы дасьвецьця палоны,
Стаіць,
Ад чаканьня здраньцьвелая,
Яліна,
Як бусел зялёны...
 

* * *

 
З улоньня дзяньніцы падобнае
да расы Тваё нараджэньне.
Псальм 109:3

 
І за расу, і за сьлязу нічога
Чысцейшага няма.
Раса сама
Нагорнецца на вока Пана Бога,
Не разбурыўшы воблік абраза.
І на зямлі, далёкая ад бруду,
Раса зайздросьціць
Зерню на сяўбе.
Падлеглая паўторанаму цуду,
Расінка
Сонца носіць у сабе.
Раса й краса
Зь нічога не ўзьнікае.
Лёс крочыць пеша.
Воз сябе вязе.
І радасьць,
Як рачулка гаваркая,
Сьмяецца і ў расінцы,
І ў сьлязе.
 
Вераадступніка чакае згуба.
Самапрысуд –
Як брытва ў два лязы.
Пяшчоціцца ў расінцы
Сонцу люба,
І ўтульна роспачы
На дне сьлязы.
 

* * *

 
Пастаў над імі бязбожнага,
і д’ябал хай стане праваруч яго.
Псальм 108:6

 
Над тымі,
Што назваліся людзямі
І рохкаюць галодна ля карыта,
Пастаў бязбожнага,
Няхай яны
Плывуць ракою забыцьця ладдзямі,
Няхай сьпяшаюцца парнакапыта
Падставіць хілы хіб пад бізуны.
 
І праваруч ад самаўладца-хама
Самога д’ябла ў чорным ахінале
Пастаў,
Няхай пасьведчыць чарадзе
І сьветласьць хама
І сваю таксама.
Каб дзякуй і за кратамі казалі
Бязбожніку,
Што ў шчасьце іх вядзе.
 
А тое шчасьце –
Мешанка густая
І рэдкая.
А тое шчасьце ў спрыце,
У звадах за харчы перамагчы,
Абы не хутка ўбачыць
Дно ў карыце.
А дасьць мароз,
Як адарваць лычы?
 

* * *

 
Пройдзе над ім вецер, і няма яго,
і мейсца ягонае ўжо не пазнае яго.
Псальм 102:16

 
Век чалавечы –
Як сьнег на галінцы,
Дзень чалавечы –
Як помах крыла.
Толькі за зёлкай
Пасьпеў нахіліцца –
Выпрастаць сьпіну
Труна памагла.
 
Кожнаму хочацца
Ліха аб’ехаць.
Лёс залагодзіць,
Чым нельга і льга.
Раніца хмар наахапчыць
На вехаць.
Пачырванее за вечар смуга.
 
Дол прыхарошыцца
Травамі гожа.
Сподзеў і страх –
Чалавеку свае.
Вецер дыхне – і няма,
І яго ўжо
Мейсца ягонае не пазнае.
 

* * *

 
А тыя, што нас паланілі,
песьняў ад нас патрабавалі,
а нашыя прыгнятальнікі –
весялосьці...
Псальм 136-3

 
Заваёўнікам трэба песьняў
Ад нас,
Прыгнятальнікам – весялосьці.
Толькі песьня, яна –
Не вясельны кутас,
Каб дрыжэць у застольнае млосьці.
 
Песьня вольная
Вольную мае душу,
Не пяецца ў няволі ніколі.
Прастагнаць заваёўнікам
Можа імшу,
Зачасаць на магіле ім кольле.
 
Весялосьць захлынецца ад сьмеху,
Калі
Прыгнятальнік навек захлынецца.
І ўздыхнецца з палёгкаю
Роднай зямлі –
Аж ад радасьці дол скаланецца.
 

* * *

 
Як бацька даруе сынам,
так даруе Госпад тым,
хто баіцца Яго.
Псальм 102:13

 
Сьветлая боязь душу ахінае.
Строме зайздросьціць адхон.
Падае ніцма
Радасьць зямная.
Марнасьцю робіцца плён.
 
Страх
Перад Імем Тваім неназваным
Існай дарогай вядзе.
Грэх,
Што хацеў бы назваціся панам,
Чэзьне, як дым на вадзе.
 
А ці ў палацы,
А ці ў палатцы
Кайна хілю галаву.
Госпад!
Дазволь мне Цябе баяцца.
Покуль баюся – жыву.
 

* * *

 
Ня сплю і сяджу,
як адзінокая птушка на даху.
Псальм 101:8

 
Адзінокая птушка на даху –
Дах вартуе,
Ці дах яе
І трымае, й бароніць
Ад страху.
Птушка прыцемкаў
Сумна пяе.
 
Адзінокая птушка на даху –
Ад падумкі той аднае,
Што крылу не стае размаху,
У пляніцу сябе аддае.
 
Адзінокая птушка на даху –
Забываецца песьні свае.
За халодную апранаху
Вечару свой цень прадае.
 

* * *

 
Уздыманьне рук маіх –
як ахвяра вячэрняя.
Псальм 140:2

 
Вячэрнюю ахвяру прыношу –
Ўздымаю рукі свае,
Яны
Трымаюць яшчэ сырую пакошу
З лугоў раскайнасьці і віны.
 
Вячэрнюю прыношу ахвяру –
Узношу рукі свае,
Яны
Трымаюць, як ношу,
Цёмную хмару
Неўсьвядомленае маны.
 
Не плоцячы вечнаму смутку
Мыты,
Прашу спагады ў наступнага дня.
Малюся,
Самым сабою забыты.
А можа, ўспомніць мяне
Вышыня?
 

* * *

 
І просяць хлеба з руінаў сваіх...
Псальм 108:10

 
Жабраваць па сваіх руінах –
Тое,
Што сябраваць з дварамі.
У забыўлівых прыпамінах
Кленчыць неіснуючай браме.
 
Жабраваць па сваіх руінах –
Тое,
Што сябраваць зь вірамі.
Па абразах ісьці й па кпінах
І гавець у разбураным храме.
 
Вандраваць па сваіх руінах –
Тое,
Што сябраваць зь вятрамі,
Што нясуць на далёкіх сьпінах
Прах дзяржаваў
З рабамі й царамі...
 

* * *

 
Дні чалавечыя – як трава...
Псальм 102:15

 
А веку таго –
Ад касы да касы.
Таму так сьпяшаецца раскашавацца
Надзея ў руні на каласы,
Надзея ў рэха на галасы.
Траве застаецца адно –
Хвалявацца.
 
Травой зарастуць
І разлогі, й лугі.
Адскочыць атава
Спаткацца з касою.
Як восень, пажоўкне
Трава ад тугі.
Успыхнуць зялёнааблочна
Стагі.
Загарыцца расе
Паўтарыцца красою.
 

* * *

 
Хай памножацца смуткі ў тых,
што цякуць да бога чужога...
Псальм 15:4

 
Пілнаваціся кожны мусіць
Роднага Бога,
Пілнаваціся кожны мусіць
Роднай зямлі.
Не цяплее душа
Ля цяпельца чужога,
Каласіцца туга
На чужой аральлі.
 
Толькі ў роднага Бога
І шчырасьць, і ласка.
Родны Бог – родны бацька,
Бог чужы – як айчым.
Дома суха і ў багне,
На чужыне й на ўзгор’і гразка.
Некалькі ў ваднаго
Не бывае айчын.
 

* * *

 
Каб не заснуў я сном сьмерці...
Псальм 12:4

 
А сон жыцьця –
Кароткі, як жыцьцё.
Сон у жыцьця –
Трывожны, клапатлівы.
І чалавек – капрызнае дзіцё –
Ў кароткім сне
Спакойны ды шчасьлівы.
 
У сьмерці сон
Даўжэйшы за яе,
Сон беспрабудны,
Цёмны, страхавіты.
Ніколі ён назад не аддае,
Хто зябкай павітухаю спавіты.
 
І, кватарант жыцьця,
Пакуль жыве,
Ён ад жыцьця
У сон жывы ўцякае,
Каб спадабацца
Сьмерці-удаве.
І сьпіць жыцьцё.
А іншы сон чакае.
 

* * *

 
Дабрашчасны, хто возьме і заб’е
немаўлятак тваіх аб камень!
Псальм 136:10

 
Хай сабе ён і ворагаў –
Чэрап дзіцячы.
Ён – маленькае неба,
Дзе небасхіл няпэўны
Трымаецца на радасным плачы,
Чэрап будучага пастуха
Ці царэўны.
 
Хай жа камень праклёну
Мяккай падушкай стане
Зь летуценнага пер’я
Залётнае аблачыны.
Хай аб наканаваньні
Дзіця папярэдзяць здані,
Хай здымуць камень з сэрца
У змрочнай прычыны!
 

* * *

 
Народ, якога я ня ведаў,
служыць мне...
Псальм 17:44

 
Там,
Дзе панішчаны гаспадары,
Пасуцца выслужнікі табунамі.
Ім лёгка чужых
Называць панамі,
Аднолькава ім
Ці ў хляве, ці ў двары.
 
Ім роднага бацьку
Заменіць айчым,
Якога палюбяць
За скібку хлеба.
Па звычцы
Яшчэ патурбуе патрэба
Назвацца народам.
Але якім?
 

* * *

 
Чалавек падобны дыханьню...
Псальм 143:4

 
Бог уздыхнуў
Над стварэньнем слабым.
Бог уздыхнуў –
І ўдыхнуў дыханьне.
Дым, як туман,
І туман, як дым,
Папераблыталіся ў тое раньне.
Першая недзе зьвінела аброць.
Конь неаб’езджаны
Цешыўся з волі.
I, чалавека пакінуўшы доле,
Сумна
Падаўся ў неба Гасподзь...
 
1997–1998
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.