РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дванаццаць біблейскіх балядаў
НОЙ

 
І першы крумкач вылятаў з каўчэгу
Зірнуць, ці паменеў патоп,
А пасьля
Галубка, бялейшая пер’ем ад сьнегу,
Ляцела глядзець,
Ці падсохла зямля.
 
Усё, што крыляла, паўзло, капыцела,
Бы ў хісткай калысцы,
Ў каўчэгу жыло.
Душа пакідаць не сьпяшалася цела.
Усьмешка да часу таіла сьвятло.
 
І Ной быў падпаскам
У Бога самога
Ці першым царом у дзяржаве жыцьця,
Дзе крыўдзіць ніхто
Не жадаў анікога,
І гад быў рахманы, як тое дзіця.
 
Трымаўся каўчэг
На хрыбціне ў патопа.
Драмала дабро
Ля нявіннага зла.
Яшчэ маладая была Эўропа
І Азія смуглай яшчэ не была.
 
Абсяг захлынуўся
Ў нахлыне і ў гуле,
І хваля вучылася глыбы глушыць.
Усё дапатопнае воды глынулі,
Каб пасьляпатопнаму
Зноўку грашыць.
 
Калі зь зялёнай галінкай алівы
Галубка вярнулася ў цесны каўчэг,
Сьмялеў Ной маўклівы,
Сьвятлеў сьвет цярплівы
І час не спыняў свой маўклівы бег.
 

СОРАК ГОД

 
І вадзіў сорак год Майсей
Па пустэльні народ свой цярпліва.
І загадваў змроку: лысей,
Прыручыўшы за дзівам дзіва.
 
На чарэнь пустэльні расой
Ападала зь нябёсаў манна.
Спавіваў вінаграднай лазой
Сьмяглы прыпар тугу старанна.
 
Перапёлкі густой чарадой
На вячэру самі ляцелі.
І расло пад цяжкой ступой
Ад нясьцерпнае стомы зельле.
 
І Майсей у скале скупой
Посахам высякаў крыніцу.
Дым ахвярны, як той спакой,
Мусіў Богу прыемна віцца.
 
І ў Эгіпет хацеў ня раз
Зьнецярпелы народ вярнуцца.
Рабскія ланцугі якраз
Не даюць душы разьвінуцца.
 
І Майсей сорак год блукаў,
Каб зьнявер’е ступіла кіпці,
Каб апошні ў пустэльні сканаў
Той, хто помніў рабства ў Эгіпце.
 

КАЙНАСЬЦЬ

 
Ціхі Авель авечак пас,
Каін, брат яго, земляробіў.
Кожны Богу свой дар прыпас
І паклонам зямным аздобіў.
 
Бог прыняў ад Авеля дар,
Авеля прыхінуў,
А ў брата
Не прыняў дар Усеўладар.
Каін і запытаў вінавата:
 
– Мой чаму не прыняты дар?
Я прынёс, што зямля ўрадзіла.
– Калі чыніш дабро, дык твар, –
Бог сказаў, – не ўнурай паныла.
 
Як ня чыніш дабро, у дзьвярох
Грэх ляжыць,
Да яго цябе цягне.
Каін крыўду змагчы не змог
І завяз у помсьлівай багне.
 
Цёплым полем браты ішлі,
І ляжаў там закляты камень.
Каін камень падняў зь зямлі,
І забіў свайго брата Каін.
 
Бог пытае:
– Дзе брат твой зьнік?
– Я ня ведаю, – Каін кажа. –
Хіба ж брату я вартаўнік?
Гэта ўжо не мая прапажа.
 
Бог сказаў:
– Чую голас крыві,
Што зь зямлі да Мяне гукае.
Валацугай цяпер жыві
І выгнаньнікам зь небакраю.
 
І дасюль на месяцы ўсе
Бачаць цень чалавека гарбаты.
Гэта брата заплеччу нясе
Каін,
Богам навек пракляты.
 
Мусіць ён да сканчэньня дзён,
Хілы раб свайго сэрца злога,
Несьці братазабойчы праклён,
Бо прылашчыў крыўду на Бога.
 

СПАКУСА

 
У сад Эдэмскі пасяліў Гасподзь
Адама голага й заўважыў ціха:
– Усё тваё.
Адно не падыходзь
Да дрэва веданьня дабра і ліха.
 
З Адамам Ева голая была.
Слоў сораму не вымаўлялі вусны.
Цяпла ставала і было сьвятла.
Але аднекуль выпаўз
Гад спакусны.
 
І надкусілі яблык сакаўны –
І сплыў туман з вачэй,
Ня стала казкі.
І ўбачылі, што голыя яны.
Сплялі зь лістоў фіговых папяразкі.
 
Бог выкляў гада, загадаў яму ж
Пыл тлусты есьці і хадзіць на бруху.
І Еву вырак:
– Панам будзе муж.
У скрусе нараджацьмеш,
Слухаць скруху.
 
– Жывіцца будзеш палявой травой, –
Сказаў Адаму, –
І карміцца з працы.
Зь зямлі ты ўзяты, станеш зноў зямлёй.
Ты пыл і пылам мусіш паўтарацца.
 
Бог выгнаў грэшнікаў з Эдэму вон,
Адзеў іх у адзежу скураную.
І кожны чалавек да скону дзён
Хітруе, спакушаецца, раўнуе.
 
Дык хто наслаў спакусу,
Гад ці Бог?
Хто Еву хітрым надзяліў імпэтам?
Калі б Адам спакусу перамог,
Ці мы былі б цяпер
На сьвеце гэтым?
 

ПАЛОМНІЦА

 
Паломніца зорка над імі ішла,
Вяла каралёў пакланіцца.
А зорка была зь незямнога сьвятла,
Як зерне з Гасподняй сяўніцы.
 
Яна ў Бэтлеем каралёў прывяла.
І ў ясьлях Дзіцятка ляжала.
Хвала суцішала дыханьне вала.
Спакора каня падкавала.
 
Хацелі пакінуць сябе валуны.
І ў цемры ня гнулася выя.
У ясьлях сьвітаў нараджэнец зямны,
Над Сынам вачэла Марыя.
 
І скарбы паклалі Яму каралі –
І золота, й міру, й кадзіла.
І, ўкленчыўшы,
Іншай дарогай пайшлі.
Там іншая зорка хадзіла.
 
Укленчыць Дзіцятку прыйшлі пастухі,
Прапахлыя сонцам, вятрамі.
І ціха стаялі зямныя грахі.
І чуткі сьлязу выціралі.
 
Лес цёмны людскі
Зарастаў і хлудзеў.
І зоркі ўзгараліся й гасьлі.
Цярпліва спагадлівы Бацька
Глядзеў
На сьвет змаладзелы,
На ясьлі...
 

ТАЙНАЯ ВЯЧЭРА

 
Хто прадасьць Яго,
Ведаў Хрыстос,
Ведаў, і за якую плату.
Ведаў, што нецярпелася кату,
Што сьпяшаўся зьдзейсьніцца лёс.
 
– І адзін з вас здрадзіць Мяне, –
Ён сказаў.
І вучні маўчалі.
Адказаў:
– Хто са Мной мачае
Ў місе зараз руку ўцямне.
 
– Ці не я, Раббі? –
Юда спытаў.
– Ты.
Пасьля паламіў букатку:
– Ешце Цела Мае даастатку,
Піце кроў,
Што за ўсіх аддаў.
 
Недзе заскавытаў скавыш.
І закончылася вячэра.
Маладая мужнела вера.
Выйшаў з хаты
Свой несьці крыж...
 

ПРОСЬБА

 
На ўсіх хапала сьляпых цьвікоў
І не хапіла відушчага жалю.
Апоплеч Хрыста
З абодвух бакоў
Двух разбойнікаў укрыжавалі.
 
І, лёсаўкі кідаючы,
Хутчэй
Вопратку падзялілі жаўнеры.
І аблачынка ў Хрыста з вачэй
Піла сьлязіны балючай веры.
 
І падавалі воцат Яму,
Каб смагу прагнаў,
І кпілі:
Усіх ратаваў Ён,
Тады чаму
Сябе ўратаваць
Не ў Ягонай сіле?
 
Адзін з разбойнікаў
І папрасіў Яго,
Дабываючы сваю прыжыцьцёвую кару:
– Як прыйдзеш да Гаспадарства Свайго,
Успомні мяне, Спадару.
 
І пачуў:
– Кажу табе сапраўды,
Сёньня будзеш са Мной у рaю.
Абыякава йшлі гады,
Гналі перад сабою людскую зграю.
 
Зьмяркаўся ціха ў разбойніка зрок.
Свае аблогі імгла займала.
Да пекла шлях –
З крумкачыны крок,
Да раю –
Жыцьця зямнога замала...
 

ПЕРАМОГА

 
Ня стылі доўга на крыжы цьвікі.
Ісуса пахавалі на гародзе,
Каб узышоў у чалавечым родзе
Нанова дух Ягоны на вякі.
 
І спавілі Яго, як немаўля.
І прывалілі каменем пячору.
І грузна камень лёг на грудзі гору,
Якім запаланілася зямля.
 
Калі да ўсходу сонца да труны
Прыйшлі Марыя Магдалена й Маці,
З сабою ўзяўшы пахнасьці ды масьці,
Труну пустую ўбачылі яны.
 
І камень адкаціўшы ад дзьвярэй,
На ім сядзеў анёл.
Як бліскавіца,
Ён быў.
Дарма шукалі маладзіцы
Ісуса, не шкадуючы вачэй.
 
Анёл сказаў ім:
– Уваскрос Хрыстос!
Ідзеце й вучням
Гэта ўсё скажэце.
 
І пасьпяшалася сьвітаньне ў сьвеце.
І небу дзячліва ўсьміхнуўся лёс.
 
Дабро квітнела й камянела зло,
Як камень той,
Што глух каля пячоры.
Душа жадала звыкнуць да пакоры.
Жыцьцё сьляпую сьмерць
Перамагло!
 

НАКАНАВАНЬНЕ

 
І рукі ўмыў Пілат,
Калі ня змог
Адмыць віну
За свой прысуд крывавы.
Відаць, натое клапаціўся Бог,
Каб не зьвяліся на зямлі варавы.
 
Каб выбіраць
Людской галдзе было б
Спаміж жыцьцезагубцам і Месіяй.
Каб небасхіл хмурыніў жалем лоб,
Каб дараваньня ўсе вякі прасілі.
 
І лямант «укрыжуй!» укажанеў.
Нябёсы нылі зорнымі цьвікамі.
Спалохаўся сябе самога гнеў.
І цені ад зьняверцаў уцякалі.
 
І пугі, як маланкі, абвілі
Хрыстова цела
І шчырэлі люта.
І свой халодны позірк адвялі
І марная гардыня, і пакута.
 
Вятох падумаў:
Хоць я і вішу,
Ды зьменіць маладзік маё цярпеньне.
А не адмые ад крыві душу
Ніводнае зямное пакаленьне.
 

ЗРАЧЭНЕЦ

 
Сьвет змаладзелы не хацеў старэць.
Губляў з ахапка вецер сьцюжу шчодра.
Хацеў спазнацца неспазнаным Пётра.
Цяпельца тлелася сябе сагрэць.
 
Агонь усхліпваў, ціха стыгнуў дол.
На Пётру паслугачка й паказала:
«З Ісусам гэны быў, яго пазнала».
«Не я!» – і азірнуўся навакол.
 
«Зь Ім быў», – сказаў нявольнік сьвятара,
Якому Пётраў меч адскепіў вуха.
«Зь Ім быў не я!» –
Пярэчыў Пётра глуха
І з двору выйшаў,
Як з свайго нутра.
 
«А ці ня ты ж у садзе зь Ім сядзеў?» –
Другі нявольнік запытаў сувора.
«Ня я!» – ўпіраўся Пётра.
Гэта ўчора
Хацела заўтрашні злагодзіць гнеў.
 
І запяяў зьнянацкі певень тут.
І Пётру ўчуліся Хрыстовы словы:
«Мяне зрачэшся тройчы», й, безназовы,
Пайшоў зрачэнец сьцежкаю пакут.
 
Каб новы дзень будзіць
І весьціць скон,
Сьвітальны голас пеўню быў пасланы.
Яшчэ Спадар нябесны ў знак пашаны
Даў права ў хлеве мець высокі трон.
 
А Юда зьнік,
Каб дух яго ня ўзьнік,
Куды і певень голас не даносіць.
Бог чуе тых,
Хто дараваньня просіць.
І Пётра ўжо вякам губляе лік.
 

ВЫРАТАВАНЬНЕ

 
Старалася чутка ўперадзе бегчы.
Гром зьдзіўлены заікаўся на ўзгрыме.
Абнізіўся долу Сын Чалавечы,
Каб есьці ды піці віно з усімі.
 
Адзін фарысей папрасіў зь ім пад’есьці.
Ісус і ўвайшоў у дом фарысея.
І ўзьлёг Ён,
А чутка бегала дзесьці,
І вочы віны пакаянна раселі.
 
І ў дом фарысея грэшніцу чутка
Паслала з паўнюткай судзінай міра.
І, стаўшы ў нагах Ісуса ціхутка,
Як хмарка, сьлязьмі пралілася шчыра.
 
Малілі вочы.
Маўчалі словы.
Бязгрэшныя думкі сьвятло выкрасалі.
Сьлязьмі яна мыла ногі Хрыстовы,
Выцірала ціхімі валасамі.
 
А мірам масьціла, а цалавала
Яму ступакі ды крыўды глытала.
Глядзеў фарысей, але не ўтрывала
Зьдзіўленне ягонае й запытала:
 
«Ці ведаеш, хто да Цябе дакрануцца
Пасьмеў?»
А Збаўца спытаў:
«Сымоне,
Ты даў хоць вады Мне,
Спамог разуцца?
Ці Я ў гасьцях у цябе,
Ці ў палоне?...
 
Яна не шкадавала нічога,
Грахі свае на ланцугу трымала.
Хто многа любіў – даруецца многа,
Хто мала любіў – даруецца мала.
 
Яе ўратавала ейная вера», –
Сказаў Ісус.
І ў сэрцы зь Ісусам
Пайшла.
І сталася ў сьвеце няшэра.
І неба рунела зорным абрусам.
 

ЯЗЭП

 
Язэп быў сынам старасьці ягонае,
І Якаў кволіў меншуна шчасьліва.
Хітон пуляты справіў,
Каб будзённае
Не захлынала шэрасьцю памкліва.
 
Братам Язэп з наіўнасьцю малечаю
Сон распавёў:
«І мы снапы вязалі.
І ўстаў мой сноп,
І вашы моўчкі ўкленчылі
Майму...»
І ўжо браты ня мелі жалю.
 
І ўзьненавідзелі зь лютосьцю шчыраю
Язэпа-сьненьніка,
І замаўчалі.
І ў подумках глыбока яму вырылі,
І чвартавалі сьцятымі вачамі.
 
...Язэп з братамі
Пасьвіў статак збродлівы.
І кінулі браты Язэпа ў яму.
Прэч падаліся цені безбародыя.
І ява за сябе прымала ўяву.
 
І селі есьці хлеб.
Ды тут пабачылі,
Што караван спыніўся зь Геліяду.
А верблюды вязуць гасьцінцы смачныя.
І тут прадаць надумаў Юда здраду.
 
Далі купцы за брата дваццаць срэбнікаў
І да Эгіпту павялі Язэпа.
І дакараў Рувін братоў-бяскрэўнікаў.
Ад сораму, здалося, неба сьлепла.
 
Братапрадаўцы казьляня зарэзалі
І ў кроў хітон Язэпаў занурылі.
Палілі сьлёзы
Бацьку шчокі чэзлыя.
І вера прымярала смутку крыльле.
 
Ня думалі,
Што брат аддзячыць ласкаю
За гнеў,
Калі Язэпа прадавалі.
Цьвіце на лузе лёсу згода краскаю.
Хапае клопату нябеснай жалі.
 
Ад першадзён
Пярэчыць зайздрасьць злагадзе.
Вякі глядзяць вачыма недачэпаў,
Ці воблака зьмяркаецца на захадзе,
Ці крывянеецца хітон Язэпаў?..
 
2001
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.